Гэта дванаццаць стужак плюс два творчыя вечары кінематаграфістаў, што загінулі ў аўтакатастрофе 14 траўня. Нацыянальны конкурс сёлета хоць і не «трыумфальны», але ж цікавы.

У праграму ўвайшоў поўны метр «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. У свой час Міністэрства культуры прафінансавала гэты прыватны кінапраект, здавалася б, з-за важнасці тэмы, але як такіх рэфлексій аб Чарнобыльскай трагедыі тут няма — рэжысёр запрасіў пазнавальных расійскіх акцёраў і зрабіў хорар, у якім усё пачынаецца з вясёлай тусоўкі, а ў жывых застаецца адзін чалавек.

Затое тэма Чарнобыля выдатна ўвасобілася ў то смешнай, то сумнай дакументальнай карціне «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч пра так званую зону адсялення. Дакументалістка Настасся Мірашнічэнка — летась яе «Дэбют» высоўваўся ад Беларусі на «Оскар» — увайшла ў конкурс з фільмам «Цемра звонку» пра футбольную каманду невідушчых і яе трэнера.

Алесь Лапо — з мілай кароткаметражкай пра дырэктара сельскага Дома культуры, які задумаў арганізаваць камп’ютарныя курсы для пенсіянераў. Асобна можна згадаць эксперыментальны даку-хорар Мікіты Лаўрэцкага «Мікіта Лаўрэцкі», змантаваны з хатняга відэа, якое фіксуе рэжысёра ва ўзросце ад 0 да 16 гадоў.

Серыя паказаў таксама ўключае ў сябе кіно Андрэя Куцілы, Віктара Аслюка, Дзімы Дзядка ды іншых. Вечары 17 і 23 будуць прысвечаны загінулым Любе Зямцовай, Максіму Гаўрыленку і Уладзіміру Міхайлоўскаму.

Фестываль пачнецца якраз у Дзень беларускага кіно і працягнецца да 22 снежня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру