Увечары 10 снежня мясцовыя жыхары дамоў таварыства ўласнікаў «Пушкінскае» сабраліся ў сябе ў двары на Альшэўскага, каб упрыгожыць двор да Новага года. У момант развешвання гірлянды прыехалі два чорныя бусы, з іх выйшлі людзі ў чорным і затрымалі шэсць мужчын, паабяцаўшы адпусціць іх пасля размовы. Мужчын не адпусцілі. А 11 снежня затрыманым далі ад 10 да 25 сутак, піша Tut.by.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, 10 снежня яны, як звычайна, сабраліся ўвечары ў двары паміж дамамі на Альшэўскага, 1А і 1Б, на чаяванне, у гэты раз вырашылі ўпрыгожыць двор мішурой і гірляндамі, яловымі галінкамі да Новага года. На пляцоўцы было 15-20 чалавек. Суразмоўцы не раз у размове тлумачылі: мішура была розных колераў, гірлянда — толькі белага колеру.

— На чаяванні ў нас ніколі няма ніякай сімволікі, бо ў наша першае чаяванне восенню да нас прыехаў такі ж нарад АМАПа, тады да нас падышоў толькі адзін міліцыянер у форме і спытаў, што мы робім. Ён агледзеў наш стол, пераканаўся, што няма алкаголю, сімволікі і сказаў: «Можаце збірацца ў сваім двары і рабіць што хочаце, галоўнае, каб не было сімволікі і лозунгаў», — распавядае мясцовы жыхар Міхаіл.

Паводле яго слоў, пасля гэтага людзі збіраліся ў двары не раз. 10 снежня, як толькі мужчыны павесілі гірлянду, у двары з'явіліся сілавікі — з прыпаркаванага буса выйшлі каля 15 чалавек, некаторыя з мясцовых вырашыў уцячы, некаторыя засталіся на месцы.

— Людзі ў чорнай форме не прадстаўляліся і не казалі, што яны з міліцыі. Сказалі: «Пройдземце з намі, там мы вам усё патлумачым». Яны бралі выпадковых мужчын і спакойна адводзілі, ніхто не супраціўляўся, мужчыны спакойна пайшлі, — распавядае Міхаіл. Так сілавікі павялі з сабой шэсць чалавек.

Пасля гэтага суседзі пабеглі да Фрунзенскага РУУС, якое знаходзіцца недалёка — праз дарогу.

Адна з тых, хто быў ля РУУС, — Дар'я. Яна распавядае, што першапачаткова сілавікі сказалі, што пагавораць з мужчынамі і потым іх адпусцяць, але пад РУУС праз тры гадзіны чакання родным і суседзям затрыманых мужчын сказалі, што іх павязуць на Акрэсціна, больш ніякай інфармацыі не давалі.

— Сярод затрыманых абсалютна станоўчыя мужчыны: прадпрымальнікі, бізнэсмены, бацька дваіх дзяцей малодшага школьнага ўзросту, адзін з іх нядаўна перажыў аперацыю, што зусім патрабуе хатняга спакою, — кажа мясцовая жыхарка Дар'я, якая разам з усімі ўпрыгожвала двор.

Па словах суразмоўніцы, пакуль яны стаялі пад РУУС, заўважылі, што праз нейкі час да будынка пад'ехаў той жа самы бус, адкуль вывелі чатырох мужчын.

— Пазней мы даведаліся, што на Казіміраўскай былі затрыманні з такой самай прычынай. Потым прыехалі пад РУУС іх жанчыны і распавялі нам практычна такую ж гісторыю, як і ў нас: проста затрымалі за тое, што людзі былі на вуліцы. Мы думаем, што гэта быў нейкі рэйд.

Дар'я расказвае, сёння стала вядома, што над затрыманымі суседзямі прайшоў суд. Аднаго з мужчын асудзілі па двух артыкулах — 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў), у выніку ён атрымаў 20 сутак.

Яшчэ двое атрымалі па 12 сутак, адзін чалавек — 10 сутак, яшчэ адзін — 14, шостаму затрыманаму далі 25 сутак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?