Навукоўцы з Ельскага ўніверсітэта знайшлі ў пацыентаў з каранавіруснай інфекцыі COVID-19 асаблівасць імунітэту, якая ўскладняе хаду захворвання, паведамляе The Guardian.

Даследчыкі параўналі імунныя рэакцыі ў заражаных і не інфікаваных людзей і выявілі ў першых мноства «няправільных» антыцелаў, якія атакавалі не вірус, а арганізм чалавека — тканкі, органы і непасрэдна імунную сістэму.

Так званыя аўтаантыцелы блакавалі супрацьвірусную абарону, знішчалі карысныя імунныя клеткі і атакавалі арганізм носьбіта інфекцыі: ад мозгу, крывяносных сасудаў і печані да злучальнай тканкі і страўнікава-кішачнага тракту, высветлілі спецыялісты. Як паказалі наступныя даследаванні, чым больш такіх антыцелаў было ў крыві пацыента, тым цяжэй працякала захворванне.

«У пацыентаў з COVID-19 выпрацоўваюцца аўтаантыцелы, якія фактычна перашкаджаюць імуннаму адказу супраць віруса», — заявіў Аарон Рынг, імунабіёлаг з Ельскага ўніверсітэта і адзін з аўтараў даследавання. «Паколькі антыцелы могуць захоўвацца на працягу доўгага часу, цалкам верагодна, што яны могуць спрыяць развіццю захворванняў, выкліканых доўгім COVID», — дадаў ён.

У сваім даследаванні, якое яшчэ не прайшло рэцэнзаванне, навукоўцы адзначаюць, што ў крыві ў некаторых пацыентаў прысутнічала некаторая колькасць аўтаантыцелаў яшчэ да заражэння, але падчас развіцця хваробы іх станавілася больш.

Звычайныя антыцелы блакуюць вірусы, чапляючыся за бялкі на іх паверхні, але аўтаантыцелы маюць няправільную форму і памылкова нацэленыя на бялкі, якія знаходзяцца на клетках чалавека, адзначае Guardian.

Як раней паведамілі навукоўцы з медыцынскага цэнтра «Маўнт Сінай» у Нью-Ёрку, антыцелы могуць абараніць ад паўторнага заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Спецыялісты папярэдзілі, што ў тых, хто перахварэў на COVID-19, антыцелы захоўваюцца каля пяці месяцаў. 

Даследаванне навукоўцаў з Лонданскага Імперскага каледжа ў той жа час паказала, што антыцелы пасля захворвання на COVID-19 могуць за некалькі месяцаў знізіцца да такога ўзроўню, што не будуць абаронай ад паўторнага заражэння. Яны зафіксавалі асабліва хуткае падзенне ўзроўню антыцелаў у тых, хто перанёс інфекцыю бессімптомна, і ў перахварэлых векам больш за 75 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0