Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Павел Латушка ў эфіры «Белсата» пракаментаваў магчымае ўвядзенне новага пакета санкцый ЕС і патлумачыў, хто ў іх, на ягоную думку, вінаваты.

— Грамадзяне Беларусі патрабуюць, каб у Беларусі зноў запрацаваў закон. Беларусы патрабуюць гэта, выходзячы на мірныя акцыі пратэсту. Улада парушае Канстытуцыю, усе магчымыя заканадаўчыя акты, масава пераследуе і рэпрэсуе сваіх грамадзян.

Міжнародная грамадскасць абавязаная рэагаваць, калі ў Еўропе масава парушаюць правы чалавека, — гэта натуральна. Але вінаватая ў гэтай рэакцыі толькі нелегітымная ўлада, якая не хоча выконваць базавыя міжнародныя прынцыпы. Ды што там, улада не выконвае нават прынцыпы нацыянальнага заканадаўства.

Санкцыі — гэта механізм ціску з боку міжнароднай супольнасці, каб улада пачала прытрымлівацца законаў. Канвенцыю супраць гвалту Беларусь падпісала ў 1984 годзе. Мы пагадзіліся, што ў яе рамках могуць выкарыстоўвацца міжнародныя механізмы адказнасці: дзе б ні быў здзейснены гвалт, крымінальная справа можа быць распачатая на тэрыторыі кожнай краіны-ўдзельніцы канвенцыі. Што мы і бачым на прыкладзе Літвы, што мы, спадзяюся, пабачым у найбліжэйшы час на прыкладзе Польшчы, Швейцарыі і іншых дзяржаў.

У санкцыях вінаватая сама ўлада, якая не хоча выконваць уласнае заканадаўства. Але новыя санкцыі могуць быць і не ўведзеныя. Гэта залежыць ад нелегітымнай беларускай улады.

Я звяртаюся да спадара Макея, міністра замежных спраў: усё ў вашых руках. Ідзіце да Лукашэнкі і скажыце: давайце завядзём усе крымінальныя справы за ўсіх забітых, за ўсе выпадкі гвалту, давайце правядзём новыя выбары — і не будзе ніякіх санкцый, — сказаў Латушка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0