Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, чаму перасталі прыбіраць смецце.

Некалі гэта ўспрымалася як моц сістэмы: калі недзе побач з’яўляўся Нэа ці хаця б які бел-чырвона-белы сцяг, любы вінцік-бюджэтнік, ад доктаркі да ЖКГшніка, ператвараўся ў Агента Сміта з «Матрыцы». І пачынаў аддана «сігналізаваць куды належыць» ці ўступаў у няроўны бой з ідэалагічнай дыверсіяй.

Цяпер Агент Сміт выгрузіўся амаль з кожнага былога «ваяра Матрыцы». Супрацоўнікі ВНУ, дактары і нават спартоўцы зацята пераходзяць на бок Марфеуса. Засталіся хіба што настаўніцы і ЖКГшнікі.

Вы напэўна ж бачылі, як гераічна змагаюцца з пафарбаваным у колер супраціву лёдам людзі ў аранжавых робах. Як яны лезуць на дрэвы, каб нейтралізаваць бел-чырвона-белую пагрозу. Як па іхным выкліку прыязджаюць групы захопу, якія дастаўляюць уладальнікаў пратэсных фіранак на суткі за «адзіночны пікет». Але вось што: ранейшага пачуцця трыумфу «Матрыцы» ўжо няма. І не толькі праз тое, што ў яе засталіся хіба толькі гэтыя «памяранцавыя».

Не, проста гэтыя кропкавыя перамогі над сцягам і здаровым сэнсам ладзяцца праз параліч усяго «мірнага» жыцця.

Беларусь заўсёды ганарылася сваёй чысцінёй. Гэты гонар быў крыху хваравітым, бо дасягаўся за кошт выкаранення ўсіх прыкмет наяўнасці чалавечага.

Двары і праспекты выглядалі як хірургічны пакой, гатовы да аперацыі па ампутацыі сумлення. Але я хаджу па Мінску ў гэтыя дні і проста не пазнаю свой горад.

Дзе нашая хвалёная чысціня? Смецце раскіданае па газонах і вакол сметніц, расшкуматанае птушкамі, не прыбіраецца тыднямі. Самі сметніцы знікаюць са сваіх «абжытых» месцаў — бо так іх змесціва не спатрэбіцца вывозіць.

Але людзі працягваюць кідаць адкіды туды, куды аднойчы прынаравіліся, — і гурбы, што ўтварыліся на месцах прыбраных сметніц, ніхто не разграбае.

Прычым тое тычыцца як заводскіх ускрайкаў, так і самавітых цэнтральных раёнаў.

Я дагэтуль не магу зразумець, як на ўваходзе ў пераход да рэгіянальных цягнікоў на Кальварыйскай не можа быць сметніцы: рэспектабельная пляцоўка ўся закіданая апалкамі, і нічога, паўз гэтыя гурбы ідуць рэспектабельныя буржуа. Гэта дакладна Мінск? Ці ўжо Нью-Дэлі?

Тое самае тычыцца галалёду. Кожны раз, прыязджаючы ў Вільню і ідучы ўздоўж вуліцы ад вакзала ў цэнтр, я крактаў, успамінаючы ладна пасыпаныя пяском і соллю беларускія тратуары. Тут можна было навярнуцца так, што ўжо не ўстанеш, ходнікі ператвараліся ў лядовыя каткі.

Я не ведаю, чым можна патлумачыць тое, што адбывалася на мінулым тыдні, калі начныя дажджы пры мінусавым надвор’і ператваралі вуліцы ў коўзанкі, а ніякай пасыпкі не было. І нават калі лічба ў 1800 траўмаваных за першыя суткі — перабольшанне, я асабіста ведаю тых, хто моцна пацярпеў праз параліч гарадскіх службаў.

Пры тым што кожны, каму давялося ляснуцца патыліцай аб зямлю, ведае дакладна, што здарылася з дворнікамі: яны ператварыліся ў Агентаў Смітаў.

Яны занятыя «справай дзяржаўнага чыну»: барацьбой са сцягамі, якія нікому патыліцу не разбівалі, але ўспрымаюцца як найбольшая небяспека. Бо пакуль гэтых сцягоў шмат, у кожнага ёсць адчуванне, што Марфеус перамагае, а Агенты Сміты мусяць сысці і са школ з ЖКГ.

І добра было б, каб свае шызоідныя пагулянкі і барацьбу з ветракамі сістэма магла спалучаць з ранейшай эфектыўнасцю.

Але цяпер, ідучы непасыпаным ходнікам, пасярод раскіданага смецця, маеш адчуванне, што сістэма ўсё.

Праз дэфіцыт Агентаў Смітаў у Агентаў Смітаў мусілі ператварыцца нават тыя, чыя работа была незаменнай. І так, пакуль дворнікі, замест таго каб пасыпаць ходнікі пяском, хаваюць прыкметы таго, што Агенты Сміты — меншасць, у гараджан можа захоўвацца ілюзія паразы.

Але ці гэтым яны збіраюцца займацца адсюль і надалей? Ці, можа, прыйдзе момант, калі кожны ўспомніць пра свой абавязак і зоймецца менавіта ім? І што тады будзе са сцягамі?

Я хачу жыць у горадзе, дзе грошы падаткаплацельшчыкаў накіроўваюцца на захаванне чысціні вуліц, а не на імітацыю чысціні мыслення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?