Глеб Праведны вучыўся на выкладчыка іспанскай і англійскай, быў на 5 курсе факультэта раманскіх моў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Глеб Праведны, фота 2016 года
Сям'я Глеба ўстрымалася ад каментаў.
«Наша Ніва» звязалася з блізкім сябрам хлопца.
«Каранавірус дабіў яго, але ён і да гэтага хварэў, — распавёў сябар Глеба. — У жніўні ў Глеба выявілі пухліну.
«Не рак, але анкалогія», — так казаў мне сам Глеб. Што там было дакладна, я не магу сказаць.
Быў курс хіміятэрапіі, але асаблівай карысці ён не прыносіў, таму Глебу была прызначаная аперацыя па выдаленні пухліны, наколькі я ведаю. Але 1 снежня ён захварэў на кавід.
Пару дзён таму ён адчуваў, што амаль паправіўся, адчуваў сябе лепей. Але ўчора раніцай яму стала дрэнна».
13 снежня ў рэанімацыі Глеб памёр. Хлопцу быў 21 год.
«Ён быў вясёлым і жыццярадасным хлопцам, — згадвае Глебаў сябар. — Захапляўся танцамі. Добразычлівы, заўсёды адкрыты. Заўсёды дапамагаў — нават калі і не мог чым, то намагаўся хоць неяк падтрымаць…»





