У Магілёве працягваецца суд над экс-начальнікам упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама. Ірыну Жабараву абвінавачваюць у хабарніцтве. Абвінавачаная заявіла на пасяджэнні 14 снежня аб тым, што на яе аказваюць псіхалагічны ціск, паскардзілася на КДБ і «нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў СІЗА», піша 6tv.by.

Па словах чыноўніцы, на працягу прыкладна двух месяцаў яна знаходзілася ў адзіночнай камеры, дзе адсутнічаў унітаз і халодная вада. Таксама яна была пазбаўленая неабходных жаночых гігіенічных сродкаў. На допыт яе маглі выклікаць і а 23, і а 24 гадзіне ночы, дзе нібыта шантажыравалі магчымасцю тэлефонных размоў з роднымі, каб дамагчыся ад падазраванай неабходных прызнанняў і яўкі з павіннай.

Справу разглядае суддзя Алена Селядцова.

Раней абвінавачаная напісала чыстасардэчнае прызнанне і хадайнічала аб заключэнні дасудовага пагаднення. Пасля яна змяніла свае паказанні. Як зараз тлумачыць гэтыя дзеянні Ірына Жабарава, на працягу доўгага часу яна не магла сустрэцца са сваім ранейшым адвакатам. Пазней, у яго прысутнасці і пад дыктоўку следчага яна напісала нібыта патрабаваныя следствам паказанні, у прыватнасці пазначыла названыя сілавікамі сумы хабараў, паколькі разлічвала, што яе выпусцяць з-пад варты, а пакаранне не будзе звязана з пазбаўленнем волі. Пасля таго, як Жабарава, па яе словах, зразумела, што следства не збіраецца выконваць свае абяцанні, яна змяніла паказанні. Таксама жанчына змяніла і адваката.

На пытанні суддзі і прадстаўніка дзяржабвінавачання, чаму ж яна не паведамляла пра ціск і не пісала скаргі, Жабарава расказвала, што ёй пагражалі, каб яна гэтага не рабіла, і тым самым не пакідалі выбару.

Цяпер экс-чыноўніца цалкам адмаўляе абвінавачаныя ёй злачынствы — хабары на агульную суму больш чым у 31 тысячу рублёў, атрыманыя, паводле звестак следства, ад гендырэктара ЗАТ «Лазерныя шоў-сістэмы» Аляксандра Ляксакова, які таксама праходзіць па справе Жабаравай, і дырэктара прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт» Мажэйкі.

Наступнае пасяджэнне па карупцыйнай справе прызначана на 16 снежня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру