Новым прэзідэнтам ЗША абраны Джо Байдэн, а віцэ-прэзідэнтам — Камала Харыс. Гэта стала вядома па выніках галасавання калегіі выбаршчыкаў, паведамляюць інфармагенцтвы. 

На момант публікацыі Байдэн заручыўся падтрымкай 302 выбаршчыкаў. Трампа падтрымалі 232 чалавекі. Неабходны мінімум для перамогі — 270 галасоў. Байдэн пераадолеў гэты ўзровень, калі былі ўлічаныя галасы выбаршчыкаў Каліфорніі.

Такім чынам, 20 студзеня падчас цырымоніі інаўгурацыі, якая пройдзе ў Вашынгтоне, на пасаду 46-га прэзідэнта ЗША ўступіць прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн. У 2009—2017 гадах, пры Бараку Абаму, ён быў віцэ-прэзідэнтам.

Сістэма прэзідэнцкіх выбараў у ЗША выбудаваная такім чынам, што канчатковае рашэнне аб тым, хто становіцца новым прэзідэнтам краіны, прымае менавіта калегія выбаршчыкаў. Па выніках галасавання кожны са штатаў накіроўвае туды пэўную колькасць людзей (прапарцыйнае прадстаўніцтва кожнага штата ў Кангрэсе). У выпадку нават мінімальнай перавагі аднаго з кандыдатаў усе выбаршчыкі ад гэтага рэгіёна тэарэтычна павінны падтрымаць пераможцу (выключэннем з правілаў з'яўляюцца штаты Мэн і Небраска, дзе ў пэўных выбарчых акругах дадатковы голас можа дастацца кандыдату, які прайграў).

Тэхнічна працэдура выглядае наступным чынам: выбаршчыкі не збіраюцца ў адным месцы, а галасуюць кожны ў сваім штаце. Яны запаўняюць бюлетэнь і адпраўляюць яго поштай у Сенат. Фармальна вынікі будуць абвешчаныя толькі праз 10 дзён, калі лісты раздрукуюць і пералічаць бюлетэні. Аднак на практыцы вынікі галасавання становяцца вядомыя ўжо праз некалькі гадзін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0