«Беларуская нафтавая кампанія» (Беларускі спецэкспарцёр нафтапрадуктаў) часова прыпыняе экспарт нафтапрадуктаў праз тэрмінал кампаніі Klaipedos nafta ў Клайпедзе. Адгрузка нафтапрадуктаў, прададзеных у рамках заключаных раней угод, у Клайпедзе будзе працягвацца, паведамляе Interfax.by са спасылкай на Klaipedos nafta.

Чакаецца, што БНК праінфармуе літоўскі бок, калі экспарт будзе адноўлены ў поўным аб'ёме. Аднак калі нявызначанасць зацягнецца, гэта можа паўплываць на вынікі 2021 года, адзначае Klaipedos nafta.

«Кампанія прыкладае ўсе намаганні, каб аператыўна высветліць канкрэтную патрэбнасць паслуг для кліента на 2021 год і належным чынам падрыхтавацца да любога сцэнару дзейнасці», — дадае літоўская кампанія.

БНК сітуацыю не каментуе.

Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў якасці мер у адказ на санкцыі балтыйскіх краін Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі сваіх экспартных грузаў (у асноўным, калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты), а будзе карыстацца расійскімі партамі. Паводле расійскага боку, ёсць свабодныя магутнасці — парты Прыморск, Санкт-Пецярбург, Усць-Луга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0