Фота Надзеі Бужан
Мікалаю Статкевічу «абцяжарылі» абвінавачванне, паведаміла ў сваім фэйсбуку яго жонка Марына Адамовіч.
«Сёння Мікалаю «перавыстаўлена» абвінавачванне. «Дадалі» ч. 2 арт. 293 КК. Нібыта ён з Ціханоўскім і Севярынцам рыхтавалі масавыя беспарадкі», — напісала яна. Па гэтай частцы артыкула прагледжана пакаранне да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Статкевіча затрымалі 31 мая па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
Тады ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — да трох гадоў пазбаўлення волі.





