Фота з інстаграма Алены Леўчанка.

Фота з інстаграма Алены Леўчанка.

У кастрычніку Алена Леўчанка, адна з найлепшых беларускіх баскетбалістак, адседзела 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Цяпер яна знаходзіцца ў Грэцыі, дзе праходзіць планавае лячэнне. Рэабілітацыя павінна была пачацца яшчэ раней, да яе затрымання.

— Першыя два тыдні пасля вызвалення мне ўвесь час снілася турма. Было цяжка, — расказвае пра наступствы арышту Алена. — Дагэтуль здараюцца панічныя атакі, проста ніадкуль ці калі навіны нейкія пачуеш. Апроч таго, у мяне пачала балець шыя — магчыма, гэта праз сон без матрацаў на жалезных бэльках.

Зрэшты, я не асаблівая ў гэтым плане: усе дзяўчыны, з якімі я мела кантакт, з ліку тых, хто сядзеў у турме, адчуваюць штосьці падобнае. Я толькі магу ўявіць, што адбываецца з тымі, хто знаходзіўся ў няволі куды даўжэй. 

Алена прызнаецца, што да 2020 года не асабліва цікавілася палітыкай. Але даўно пачала заўважаць, што ўлада ў Беларусі чамусьці не шануе прафесіяналаў — як у спорце, так і ў іншых сферах. Як вынік — добрыя спецыялісты нярэдка з'язджаюць за мяжу.

— Жаночая зборная па баскетболе дагэтуль уваходзіць у топ-20 найлепшых у свеце, хоць апошнія гады высокіх вынікаў не было. Нашымі раннімі поспехамі ганарыцца федэрацыя. Чыноўнікі, міністры абяцалі пабудаваць для баскетбалістаў новую залу яшчэ тады, калі мы выйгралі бронзу на чэмпіянаце Еўропы (2007 год) — залы няма. Пры гэтым усе твае раннія заслугі адразу забываюцца, калі ты раптам пачынаеш выказваць сваю думку, а яна адрозніваецца ад таго, што казаць дазволена. Я меркавала, што мой арышт магчымы, але да самага канца было цяжка паверыць у яго рэальнасць: усё ж ты прадстаўляла краіну на сусветным узроўні, столькі гадоў аддала нацыянальнай зборнай… Выйшла, што для сістэмы куды важней, каб ты маўчаў, ківаў галавой і ў патрэбны час падпісваў паперы.

Алена адзначае, што пачала актыўна выказваць сваю нязгоду з усім, што адбываецца ў краіне, яшчэ да выбараў, і адразу сутыкнулася з асуджэннем і нават пагрозамі. 

— Ужо падчас перадвыбарчай кампаніі было зразумела, што ў нас хочуць забраць права выбару. І яшчэ тады, калі ты гэта ўсё каментаваў, на цябе глядзелі з пытаннем. Тых, хто выказваўся тады, было мала, тым больш з боку федэрацыі адразу пайшлі намёкі: маўляў, лепш маўчыце, вы не ведаеце, што кажаце. Я проста дзялілася сваімі думкамі, а мяне спынялі. Папярэджвалі пра магчымыя наступствы, — згадвае баскетбалістка. 

— Беларусы на працягу доўгага часу жылі ў загнаным стане, для нас тое, што здаецца абсалютна нармальным у іншых краінах — выказацца, — здавалася нечым звышнатуральным. Людзі проста баяцца: мы нараджаемся са словам «баяцца» і ведаем яго лепш за астатніх. Лепш, чым радавацца, быць свабодным, незалежным. Але менавіта цяпер мы вучымся спазнаваць іншыя словы.

Спартсменка расказвае, што жнівень, верасень і кастрычнік у яе былі распісаныя па гадзінах. 

— Расклад быў такім: з панядзелка па суботу — трэніроўкі, а па нядзелях — маршы, дзе мы намотвалі па 20 кіламетраў. І пасля іх ты адчуваў прыліў сіл, але ў той жа час доўга не мог заснуць ад атрыманых эмоцый. Усё ж гэта нерэальная энергетыка, калі ты знаходзішся ў натоўпе людзей-аднадумцаў, якія хочуць жыць у новай Беларусі. Я не высыпалася, а для мяне сон — найлепшы спосаб аднавіцца. Раніцай падымалася са цяжкасцямі. Пры гэтым на адрэналіне выдавала выдатныя вынікі падчас трэніровак.

Яшчэ да затрымання Алене паступалі дзіўныя званкі — як яна лічыць, з міліцыі. Апроч таго, яна сутыкнулася з тым, што для яе зачыніліся дзверы шмат якіх залаў. 

— Толькі асобныя добрыя людзі дазвалялі ў іх патрэніравацца, але за ўсе залы я плаціла. Рэальнасць аказалася такой, ужо было няважна, што я столькі гадоў адыграла за краіну ў зборнай.

Алена хацела б вярнуцца дахаты пад Новы год. Праўда, не ведае, ці атрымаецца гэта зрабіць у сувязі з пандэміяй.

— Апроч таго, у любым выпадку адчуваеш нейкі дыскамфорт у сувязі з магчымым паўторным затрыманнем. У краіне — прававы дэфолт: людзей садзяць у турму за сцяг на акне. Законы існуюць толькі для ўлады. І складваецца ўражанне, быццам ты грукаешся ў дзверы, а табе там ніколі больш не адкрыюць. Пры гэтым я веру, што мы пераможам. 

У будучыні Алена марыць дапамагаць людзям:

— Я шмат думала і пасля 30 гадоў усвядоміла, што, апроч таго, што я гуляю ў баскетбол, я павінна зрабіць яшчэ больш: заняцца нейкімі сацыяльнымі праектамі, дзе можна дапамагаць тым, хто мае патрэбу з дапамозе. Усё ж мой спартыўны досвед складаецца не толькі з перамог, было вельмі шмат цяжкіх момантаў, калі здавалася, што кар'ера магла скончыцца, але я працягвала змагацца. Думаю, сваім прыкладам я магу паказваць, што не ўсё прыходзіць адразу.

Я буду працягваць казаць праўду і падтрымліваць беларускі народ у змаганні за нашыя правы. Гэта для мяне цяпер самае галоўнае — ну, і, вядома, хочацца хутчэй вярнуцца з тую форму, у якой я была да арышту, каб аднавіць сваю прафесійную кар'еру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?