У Беларусі існуе Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — абсалютна бутафорскае ўтварэнне, якое не мае ні ўплыву, ні якой-кольвек вядомасці сярод людзей. Сапраўдныя задачы гэтай арганізацыі — ствараць уражанне палітычнай канкурэнцыі ў Беларусі і вылучаць праўладных назіральнікаў і членаў камісій.

Перавага гэтай структуры ў тым, што яна афіцыйна зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а значыць, можа набіраць сяброў і легальна весці палітычную дзейнасць. Раней гэтым не займаліся, бо ў шматгадовага лідара партыі — лётчыка і палітрука Васіля Задняпранага — не было ні такога задання ад уладаў, ні ўласнага жадання.

Але пасля падзей жніўня Задняпранага праняло: ён зразумеў, дзе жыве, і стаў нерашуча, але ўсё ж выказвацца пра падзеі ў краіне. 

Задняпраны, у прыватнасці, заявіў, што людзі на вуліцах — гэта ніякія не наркаманы і прастытуткі, а нармальныя беларусы, даведзеныя да адчаю. 

Такой вольніцы яму не даравалі, і ўчора БелТА паведаміла пра тое, што рашэннем партыі Задняпраны выключаны з яе шэрагаў. У адказ ён распаўсюдзіў прэс-рэліз з абвяржэннем інфармацыі. Што ж робіцца ў партыі?

Як даводзіць «Нашай Ніве» Васіль Задняпраны, адбылася спроба «рэйдарскага захопу».

«7 снежня да мяне прыходзіць дэпутат парламента Андрэй Струнеўскі (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці атрымала ў Палаце прадстаўнікоў шэсць месцаў — «НН»). Кажа, маўляў, ёсць рашэнне зверху — Задняпранага вырашана прыбраць, таму трэба сыходзіць. А партыю, маўляў, узначаліць Павел Тапузідзіс (мільянер, гаспадар «Кароны» і «Тытунь-Інвеста» — «НН»).

Я кажу: «Андрэй, ты разумееш, пра што гаворыш?!» 

А ён мне: «Калі адмовішся, будзе непрыемны сцэнар, могуць пацярпець дзеці». 

А потым я даведваюся, што Аляксандр Сцяпанаў — начальнік мінскай партыйнай арганізацыі — пачынае слаць ганцоў у раёны, схіляць да правядзення з'езду. Маўляў, ёсць «рашэнне зверху», Задняпранага трэба мяняць. Мне людзі звоняць: што адбываецца?» — расказвае кіраўнік партыі. 

Паводле словаў Задняпранага, пасля гэтага было праведзена пасяджэнне «партвыканкама», на якім ён выключыў з партыі раскольніка Сцяпанава, дэпутата Струнеўскага і яшчэ трох чалавек, у тым ліку Ігара Парэчына — экс-памочніка Дзмітрыя Паўлічэнкі па арганізацыі ветэранаў спецназа.

Пасля гэтага, кажа ён, яго паплечнікам сталі названьваць з пагрозамі.

Тым часам праціўнікі старшыні правялі свой сход, на якім і выключылі Задняпранага з партыі.

Задняпраны пераконвае, што гэты сход незаконны, а ён застаецца кіраўніком. «Накіруем скаргу ў Мінінфарм наконт публікацыі на БелТА з неправеранай інфармацыяй, — кажа ён. — Я нават хадзіў сёння на прыём у Адміністрацыю прэзідэнта, і галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч запэўніў мяне, што ніякіх рашэнняў па партыі не прымалася». 

«Наша Ніва» пагаварыла і з тым самым «раскольнікам» — Аляксандрам Сцяпанавым. Гэта 70-гадовы мужчына, які пачынаў кар'еру палітрукам, а потым стаў прафесійным чыноўнікам: пераскокваў па кіруючых пасадах адміністрацыі Фрунзенскага выканкама, быў намеснікам начальніка ўпраўлення фізкультуры і спорта Мінгарвыканкама, а цяпер — намеснік генеральнага дырэктара школы алімпійскага рэзерва па тэнісе. 

«Задняпраны адышоў ад палітычнага курсу партыі! Цягам гэтага года было вельмі шмат званкоў, скаргаў на яго. Наша асноўная маса партыі — 99% (у РППС дэкларуюць, што ў іх 10 тысяч сяброў — «НН») патрабавала разгледзець пытанне аб яго знаходжанні. І вось мы правялі з'езд, на ім выступіла 15 чалавек, зачыталі шмат лістоў з розных абласцей і адзінагалосна прынялі рашэнне выключыць яго з партыі», — тлумачыць Сцяпанаў.

Што менавіта не так з «курсам» Задняпранага?

«Ён праціўнік таго, што мы з дзяржаўнымі сцягамі праехалі ў аўтапрабегу, ён вёў дыялог са стачачнымі камітэтамі, адправіў прадстаўніка на пасяджэнне апазіцыйных партый. Назапасілася вельмі шмат», — тлумачыць Сцяпанаў.

Але што ж у гэтым дрэннага? Мы папрасілі Сцяпанава праясніць пазіцыю да канца і адказаць яшчэ на пару пытанняў. 

Ці сфальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў? — «Не, яны прайшлі афіцыйна на поўнай законнасці». 

Ці катавалі людзей у міліцыі? «Ніхто не катаваў, усё вельмі добразычліва было».

Дык, можа, і не забівалі нікога? «Забітых няма, параненых таксама».

Павел Тапузідзіс, фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Павел Тапузідзіс, фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Што да Паўла Тапузідзіса, то бізнэсмен называе сітуацыю «глупствам».

«Не гаварыце на гэтую тэму. Я не люблю, калі мне задаюць такія дурацкія пытанні», — адказаў ён карэспандэнту «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0