Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыпыніла працу 10 крам сеткі «Святлафор» з 30 снежня 2020 года па 29 студзеня 2021-га праз парушэнні заканадаўства аб гандлі, паведаміў БелТА начальнік аддзела каардынацыі кантрольнай дзейнасці МАРГ Кірыл Слабко.

Міністэрства ў цяперашні час праводзіць выбарачныя праверкі ТАА «ЛенПрадуктСэрвіс» і ТАА «МасПрадуктСэрвіс», якія прадстаўляюць сетку «Святлафор». У ходзе праверкі ў асобных гандлёвых аб’ектах, размешчаных у абласных цэнтрах і Мінску, быў выяўлены шэраг парушэнняў заканадаўства аб гандлі, у тым ліку не выконваўся асартыментны пералік тавараў, прадавалася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці. «Юрыдычныя асобы былі загадзя апавешчаныя пра тое, што праверкі будуць. Яшчэ ў пачатку другога паўгоддзя план праверак быў размешчаны на сайце Камітэта дзяржкантролю, дзе з ім можна было азнаёміцца. Акрамя таго, МАРГ апавясціў суб’ектаў пра тое, што праверкі пачнуцца ў лістападзе. Але ніякіх мер для таго, каб загадзя ліквідаваць парушэнні, прынята не было», — распавёў Кірыл Слабко.

Крамы сеткі «Святлафор» з’яўляюцца дыскаўнтарамі. Праца аб’ектаў такога фармату мае сваю спецыфіку. Як правіла, у продажы прадстаўлены тавары паўсядзённага попыту па больш нізкіх коштах, выкладка тавараў у гандлёвай зале — на складскім абсталяванні.

Асноўныя крытэрыі аднясення магазінаў да дыскаўнтара — гандлёвая плошча і памер гандлёвай надбаўкі. Пастановай МАРГ ад 19 лiстапада 2020 г. № 74 устаноўлены асобны асартыментны пералік тавараў для такіх гандлёвых аб’ектаў. З улікам асаблівасцяў гандлёвага працэсу значна скарочана колькасць таварных пазіцый, якія падлягаюць уключэнню ў асартыментныя пералікі тавараў, мінімізавана колькасць іх разнавіднасцяў.

 «Іншымі словамі, у дыскаунтараў палегчаны асартыментны пералік — мінімум таварных пазіцый і найменняў. Але нават гэтыя патрабаванні не выконваліся», — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.

МАРГ выдаў загады аб прыпыненні працы 10 гандлёвых аб’ектаў сеткі «Святлафор» на перыяд з 30 снежня 2020 года па 29 студзеня 2021-га. Кірыл Слабко звярнуў увагу на тое, што пасля ліквідацыі выяўленых парушэнняў суб’екты гандлю, якія атрымалі такое прадпісанне, маюць права звярнуцца з хадайніцтвам аб датэрміновым аднаўленні работы крамаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру