Нядаўна пабіў я каробку з яйкамі ў краме, — піша ў сябе ў фэйсбуку Стась Карпаў. — Не па сваёй, дарэчы, віне. А таму, што іх склалі па-дурацку. Карацей, паклікаў прыбіральшчыцу, тая прывяла адміністратара і пытае, што рабіць.

Я кажу: «Ну што рабіць: мянтоў, напэўна, трэба выклікаць. Каб адвезлі на Акрэсціна».

Адміністратарка сумна ўсміхнулася і сказала: «Тут ніякай праблемы няма. Калі ахова спыніць — паклічце мяне, я ўсё ўлагоджу».

І я не проста так пра мянтоў пачаў размову. Я ў прынцыпе з усімі стараюся так ці інакш аб гэтым гаварыць. Але мне прасцей: я беларускамоўны. А беларускамоўны нават калі скажа «шкарпэткі», усе пачуюць «рэвалюцыя».

Дык вось.

Я размаўляю з людзьмі.

Раней я сваё разуменне сітуацыі ў краіне звяраў па таксістах.

Куды таксісты — туды і краіна.

У канцы нулявых — пачатку 10-х таксісты мяне ўпэўнена лячылі: «Еслі вы уж гаварыце па-беларускі, то гаварыце без ашыбак».

Дарэчы, уся соль дырэктывы «гаварэння без ашыбак» у тым, што ёй выносяцца мазгі абсалютна незалежна ад таго, ёсць у тваёй мове памылкі альбо няма.

Пасля таксісты неяк рэзка заткнуліся і некалькі гадоў маўчалі.

Пасля таксісты час ад часу пачалі мяне заахвочваць не спыняцца і працягваць гаварыць «за нас усех». Заахвочвалі па-руску, натуральна.

Некалькі гадоў таму ўнутры таксістаў нарадзілася жаданне мець грамадзянскую пазіцыю, і недзе пару гадоў таму мы з імі падчас паездак ненавідзелі Лукашэнку.

Апошнім часам таксісты зноў маўчаць. Але калі я пачынаю сам ініцыяваць размову, то высвятляецца, што «калі ўсё гэта скончыцца? калі ж мы пераможам, як думаеце? я хадзіў, хаджу і буду хадзіць».

Інакш кажучы, каб зразумець, што мы як бы «беларус беларусу беларус», трэба нармальна так пастарацца. Таксісты маўчаць, і краіна маўчыць. Таксістам сумна — і краіне сумна.

І вось што я хачу сказаць. Дастаткова хутка стала ясна, што раз на вілах ніхто нікога выносіць не збіраецца, то ўся мэта супраціву ў стварэнні грамадства, якое будзе гатовае да рэваншу з новымі сіламі і большай колькасцю людзей і спосабаў. І для гэтага нам трэба было збірацца, знаёміцца і размаўляць.

Вось для чаго былі ўсе хаджэнні. Вось за што людзі аддавалі сваё жыццё, здароўе і дабрабыт. Пратэст сам па сабе быў не для вывешвання бчб, мітынгі былі не для мітынгаў. Яны былі для новага народа. Мы ўбачылі, што нас юбердафіга. І гэта быў галоўны здабытак нават не 2020. А апошніх 30 гадоў. Калі не апошніх 100.

Але ў мяне такое ўражанне, што ў ябацек атрымліваецца абясцэніць слова большасць. Гэтыя панылыя нафталінавыя пупсы ў атачэнні гібонаў у казённых лапцях праўда могуць уплываць на ваша разуменне сябе? Ну ні халеры сабе.

Калі нешта не павінна быць абясцэнена, то гэта яно. Таму самае важнае, што трэба рабіць і чаго оркі не могуць забараніць — гэта размаўляць. І мы павінны размаўляць.

Мы павінны рабіць так, каб незнаёмы чалавек ведаў, з кім мае справу, сустрэўшы вас не на мітынгу, а ў краме.

Наша маўчанне запаўняюць віскі некалькіх тысяч ябацек. Гэта неяк несправядліва, як па мне. Мы — большасць, і мы павінны выглядаць як большасць. Мова — найлепшы маркер. Калі пакуль складана, то хаця бы нумар з арнаментам на машыне. Белы бранзалецік на руцэ, арнамент на вопратцы.

Ну і размовы.

Мы навучыліся выходзіць на мітынгі болей за адзін раз на год, і нам трэба навучыцца гаварыць адно з адным кожны дзень. Я ўпэўнены, што заключная фаза перамогі пачнецца менавіта з гэтага навыку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру