Ілля Туркоў у залі суда. Фота: spring96.org.

Ілля Туркоў у залі суда. Фота: spring96.org.

Раніцай 30 снежня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска працягнуўся разгляд справы ў дачыненні да Іллі Туркова, якого вінавацяць па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня, паведамляе Вясна.

Сёння падсудны выступіў з апошнім словам. У прамове Ілля Туркоў яшчэ раз паўтарыў, што шчыра раскайваецца і раней прасіў прабачэння ў пацярпелага, гатовы сплаціць іскавыя патрабаванні, якія заявіў пацярпелы. 

Абвінавачаны звярнуў увагу суду на тое, што пяць месяцаў знаходзіцца пад вартай, і гэты час яго сям'я застаецца без сродкаў для існавання, бо жонка толькі нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку, а ў дзіцячым садку — каранцін праз каранавірус. Таксама Ілля Туркоў казаў і пра тое, што ў іх прыватным доме ацяпленне дровамі і ёсць невялікая гаспадарка, а для яго жонкі ўсё гэта цяжкая фізічная праца. 

Ён прасіў суд праявіць чалавечую велікадушнасць пры выбары віду і тэрміну пакарання, не судзіць яго строга.

Рашэнне суда было абвешчанае ў 12.30.

Канчатковае пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін чатыры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Акрамя таго, вырашылі спагнаць з асуджанага на карысць пацярпелага амапаўца Ігара Астапука матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў, а таксама дзяржпошліну на карысць дзяржавы ў памеры 81 рубля.

Ілля Туркоў плануе абскардзіць прысуд. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0