Суд Ленінскага раёна 30 снежня асудзіў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня 20-гадовага студэнта 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Віктара Акцістава. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля гасцініцы «Юбілейная» — у выніку гэтага ён нанёс супрацоўніку АМАПу некалькі ўдараў. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік мінскага АМАПу, чые анкетныя дадзеныя былі змененыя ў судзе «ў мэтах бяспекі». Ад дзеянняў студэнта амапавец атрымаў толькі лёгкія ранкі і драпіны на лбе, але маральныя пакуты ацаніў у 2000 рублёў, родныя студэнта пакрылі шкоду падчас судовага перапынку. Суддзя Марына Запаснік прызнала хлопца вінаватым і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 2,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрошваў старшы памочнік пракурора раёна А. Рамановіч, паведамляюць праваабаронцы.

Студэнт знаходзіцца пад вартай з 21 верасня. Камандзір мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба накіраваў у суд пісьмовае хадайніцтва аб тым, каб у дачыненні да пацярпелага Цімафеева і сведкі Буйніцкага былі прынятыя меры бяспекі, якія забяспечваюць іх непазнавальнасць. Суддзя задаволіла заяўленае хадайніцтва. Пацярпелы, шыракаплечы і два метры ростам, з'явіўся ў зале ў самы апошні момант у кепцы з выявай дзяржаўнага сцяга і балаклаве.

Згодна абвінавачванню Віктар Акцістаў «увечары 10 жніўня каля гасцініцы «Юбілейная» ў перыяд з 18 да 20 гадзін нанёс тры ўдары кулаком у вобласць галавы і адзін удар нагой у пахвінную вобласць пацярпеламу Цімафееву ў мэтах перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка АМАПу і з помсты за выкананнем ім задач па ахове грамадскага парадку».

Абвінавачаны ў судовым пасяджэнні растлумачыў, што ў той вечар ён прыехаў на станцыю метро «Няміга», адкуль накіраваўся ў бок Стэлы, каб узяць удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта. Каля гасцініцы абвінавачаны пачуў крык чалавека, якога затрымлівалі двое супрацоўнікаў АМАПу. Студэнт растлумачыў, што быў у курсе таго, што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня, і, баючыся за далейшы лёс затрыманага, нанёс адзін удар Цімафееву па галаве, паспрабаваў схапіць і спыніць супрацоўніка міліцыі, пасля чаго нанёс яшчэ два ўдары па галаве. На ўдакладняючае пытанне пракурора аб тым, ці біў ён у пахвінную вобласць супрацоўніка АМАПу, Акцістаў сказаў, што рабіў замах нагой у вобласць жывата пацярпелага і біць у пах не збіраўся.

Цімафееў на ўдары выказаў здзіўленне, пасля чаго схапіў за запясце левай рукі абвінавачанага. За другую руку абвінавачанага схапіў іншы супрацоўнік. Віктар растлумачыў, што пасля затрымання яго адвялі ў машыну, дзе паклалі на жывот і звязалі рукі за спінай пластмасавымі сцяжкамі. Затым абвінавачанага з другім затрыманым павезлі і перадалі іншым супрацоўнікам, якія апыталі яго ў становішчы лежачы тварам у зямлю. Пасля апытання Акцістава адвезлі ў Партызанскае РУУС, дзе трымалі на працягу 16 гадзін. Да ночы з 12 на 13 жніўня затрыманы ўтрымліваўся ў СІЗА Жодзіна, адкуль быў адпушчаны разам з астатнімі затрыманымі.

Абвінавачанага не прыцягвалі да адказнасці і не складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля таго, калі абвінавачаны растлумачыў, што яго дзеянні былі выкліканыя асцярогамі за далейшы лёс затрыманага, пракурор Рамановіч стаў настойліва патрабаваць адказу на пытанне аб тым, што канкрэтна пагражала затрыманаму ў момант затрымання. Акцістаў растлумачыў, што затрыманне было, на яго думку, неабгрунтаваным, ён раскайваецца ў зробленым і прынёс прабачэнні Цімафееву.

Суд доўжыся адзін дзень, на другі быў вынесены прысуд. Суддзя Марына Запаснік прызначыла Віктару Акціставу такое ж пакаранне, якое і прасіў пракурор — 2,5 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, была вынесеная прыватная пастанова па месцы вучобы абвінавачанага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0