Ціск беларускіх уладаў на грамадзянскую супольнасць працягваецца, і крызіс нікуды не знік. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

На яго погляд, некаторыя людзі «затаіліся», але, тым не менш, «усплёскі грамадзянскай незадаволенасці праяўляюцца паўсюдна, а нядзельныя акцыі пратэсту не спыніліся».

«Можа быць, іх масавасць некалькі знізілася з-за рэпрэсій. Пасля затрымання людзей збіваюць, наўмысна заражаюць кавідам, калі запіхваюць у адну камеру і хворых, і здаровых», — мяркуе Бяляцкі.

Ён таксама адзначыў, што ўлады дагэтуль не распачалі ніводнай крымінальнай справы ў сувязі са злачынствамі сілавікоў, хоць «ёсць тысячы зафіксаваных фактаў», пры гэтым «здзекі ў дачыненні да затрыманых актывістаў працягваюцца».

Старшыня ПЦ «Вясна» перакананы, што гэта адбіваецца на актыўнасці людзей.

«У тым ліку вельмі негатыўна і насцярожана ўспрымаюцца крокі Пуціна па падтрымцы Лукашэнкі, — падкрэсліў ён. — Стаўленне людзей, якія думаюць, да Расіі вельмі моцна змянілася. Маскву ўспрымаюць як палітычную сілу, якая падтрымлівае Лукашэнку. Ну а сябар майго ворага мне таксама вораг. Ідзе вялікае астуджэнне. Тым больш у кантэксце інфармацыі па Навальным».

Цяпер у Беларусі ўсё больш востра і крытычна ўспрымаецца тое, што робіцца расійскай уладай, лічыць Алесь Бяляцкі.

«Ясна, што расійскія тэлеканалы па-ранейшаму працуюць, і часам небеспаспяхова, як прапагандысцкая зброя. Але ў той жа час значная частка насельніцтва дэманструе цвярозасць думкі», — адзначыў праваабаронца.

Тыя, хто раней мала аб чым задумаўся, цяпер ставяцца да Расіі як да патэнцыйнай пагрозы, якая можа спыніць дэмакратычнае станаўленне Беларусі, рэзюмаваў старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна