Фота Віталія Палінеўскага
Біскуп Казімір Велікаселец, якога 3 студзеня Папа Францішак прызначыў Апостальскім адміністратарам вакантнай кафедры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, лічыць сваё прызначэнне высокім даверам з боку Папы.
Новапрызначаны Апостальскі адміністратар паведаміў Catholic.by, што новае прызначэнне стала для яго поўнай нечаканасцю.
«Гэта высокі давер, аказаны маёй сціплай асобе, і я ўдзячны за яго Папу Францішку.
Усведамляючы маю чалавечую абмежаванасць для выканання даручанага мне адказнага задання, я давяраю маё пастырскае служэнне Найсвяцейшай Панне Марыі і прашу ўсіх маліцца за мяне, каб Бог мне дапамог выканаць Яго волю, як гэта напісана ў маім біскупскім гербе — Fiat voluntas tua — «Будзь воля Твая»», — сказаў біскуп Казімір Велікаселец.
Нагадаем, што мітрапаліцкая кафедра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі засталася вакантнай пасля таго, як Папа Францішак прыняў прашэнне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб выхадзе на пенсію ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту. На час да прызначэння новага мітрапаліта Францішак прызначыў старэйшага ў Беларусі каталіцкага іерарха Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі.
Падобнае здараецца ўжо не ўпершыню.
14 чэрвеня 2006 года Мінска-Магілёўская мітрапаліцкая кафедра стала вакантнай пасля сыходу на пенсію яе першага ў сучаснай гісторыі Беларусі арцыпастыра кардынала Казіміра Свёнтка. Да таго, як 21 верасня 2007 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў Мінска-Магілёўскім мітрапалітам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскім адміністратарам sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі больш за год быў цяперашні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Функцыі старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі цяпер пераходзяць да яго ранейшага намесніка біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.