У канцы 2020 года Нацбанк Беларусі выдаў дазвол на куплю МТБанкам кантрольнага пакета акцый Ідэя Банка, якім цяпер валодае Польскі Getin Holding. Пра гэта паведаміла агенцтва PAP, піша Tut.by.
У лістападзе мінулага года Getin Holding падпісаў з МТБанкам ліст аб намерах прадаць банку або звязаным з ім асобам пакет акцый Ідэя Банка. Паводле ліста, меркавалася прадаць 99,999% акцый за 50 мільёнаў рублёў.
Пра намер прадаць беларускі банк Getin Holding, які кантралюе грамадзянін Польшчы і Мальты Лешак Чарнецкі, афіцыйна абвясціў у сярэдзіне 2020 года. Гэта адбылося на фоне паведамленняў мясцовых СМІ аб складанасцях у бізнэсоўца, які вылецеў са спісу 100 заможных людзей Польшчы па версіі выдання Wprost.
Getin Holding набыў беларускі Сомбелбанк у 2008 годзе. Потым пераназваў яго ў Ідэя Банк. У 2013 годзе пад крыло палякаў перайшоў Беларускі банк малога бізнэсу. Пазней ён быў інтэграваны ў Ідэя Банк.
МТБанк створаны ў 1994 годзе. Цяпер яго кантралюе Аляксей Алексін, якому таксама належаць тытунёвая фабрыка, аператар па гандлі палівам, лагістычная кампанія, дэвелаперская фірма, ІТ-кампанія і іншыя.





