Следчы камітэт працягвае расследаванне справы аб нібыта «паклёпе» (то-бок наўмысным распаўсюдзе заведама непраўдзівай інфармацыі) у дачыненні да былога намесніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова. Цяпер ён займае пасаду памочніка Лукашэнкі па Мінску. Несумненна, што гэтая справа і суд, калі яна дойдзе да суда, будзе мець вялікі грамадскі рэзананс, а яе матэрыялы будуць у цэнтры ўвагі як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці. 

«Наша Ніва» будзе дэталёва пісаць пра гэтую справу. Мы просім усе беларускія і сусветныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі сачыць за ёй і збіраць усе матэрыялы па ёй. Калі вы маеце важныя матэрыялы па гэтай справе, дасылайце іх на [email protected] або ў тэлеграме праз @NashaNivaBot. А сёння мы публікуем першае з таго, што маем.

14 жніўня. Аляксандр Барсукоў каля Акрэсціна. «Здзекаў не было», — заявіў ён. Фота Вольгі Шукайла, Tut.by

14 жніўня. Аляксандр Барсукоў каля Акрэсціна. «Здзекаў не было», — заявіў ён. Фота Вольгі Шукайла, Tut.by

Дыджэй Улад Сакалоўскі трапіў за краты 6 жніўня пасля таго, як уключыў песню «Перамен» на публічным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы. Падазроны сам факт затрымання і асуджэння дыджэя за песню — такое немагчыма ўявіць ні ў якой іншай краіне Еўропы, і за гэтым бачыцца выразная палітычная ангажаванасць МУС і суда на баку аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Але гэта тэма для асобнай гаворкі. Тут — не пра гэта.

Выйшаўшы на свабоду пасля 10 сутак зняволення, Сакалоўскі расказаў «Нашай Ніве» пра тое, што да яго ў карцар заходзіў хтосьці з намеснікаў міністра ўнутраных спраў, пагражаў, а пасля нанёс яму два ўдары. Сакалоўскі не ведаў госця ў твар, але паглядзеўшы пасля вызвалення на фота, пазнаў Аляксандра Барсукова. Пра гэта ж Сакалоўскі расказаў і іншым СМІ — РБК, Deutsche Welle.

Пасля таго як артыкул быў апублікаваны, Сакалоўскага выклікалі ў Міністэрства ўнутраных спраў і, па яго словах, прапанавалі зрабіць выбар — ці запісаць відэа з «прабачэннямі», ці стаць падазраваным па крымінальнай справе аб паклёпе. Дыджэй запісаў відэа, а на наступны дзень з'ехаў з Беларусі. У выніку адзіным падазраваным па справе стаў галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, які не з'яўляецца аўтарам артыкула і ніколі не размаўляў з Сакалоўскім. Яму пагражае да трох гадоў абмежавання свабоды.

23 верасня. Супрацоўнікі адвозяць Ягора Марціновіча пасля ператруса ў яго дома. Наступныя тры дні ён правядзе на Акрэсціна. Фота Надзеі Бужан

23 верасня. Супрацоўнікі адвозяць Ягора Марціновіча пасля ператруса ў яго дома. Наступныя тры дні ён правядзе на Акрэсціна. Фота Надзеі Бужан

Следчы камітэт так і не ўзяў тлумачэнняў у Сакалоўскага. Хоць адпаведнае хадайніцтва было заяўлена Марціновічам. Сакалоўскі паведамляў СМІ, што знаходзіцца ў Літве, аднак заканадаўства абедзвюх краін дазваляе правесці допыт дыстанцыйна, з прымяненнем відэасувязі.

У сувязі з гэтым «Наша Ніва» публікуе стэнаграму размовы Улада Сакалоўскага і журналісткі Адар'і Гуштын, жонкі Ягора Марціновіча. Размова адбывалася 23 верасня, адразу пасля таго, як быў затрыманы галоўны рэдактар «НН». Адар'я Гуштын пазваніла Сакалоўскаму, з якім да гэтага не была знаёмая, каб высветліць абставіны яго затрымання і сустрэчаў з Барсуковым, а таксама з аператыўнікамі Упраўлення ўласнай бяспекі МУС. Падчас размовы Сакалоўскі даў дазвол на распаўсюд зместу гутаркі.

Аўдыязапіс будзе перададзены ў Следчы камітэт.

Істотны момант: Сакалоўскі адзначае, што ў карцары на Акрэсціна вялося відэаназіранне. Больш за тое, супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў казаў дыджэю, што сам бачыў гэтае відэа.

Публікацыя запісаў камер відэаназірання з карцара Сакалоўскага дала б адказы на два ключавыя пытанні:

  1. Ці заходзіў у карцар да Сакалоўскага тагачасны намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў?
  2. Ці наносіў ён удары арыштаванаму дыджэю?

6 жніўня. Улад Сакалоўскі (злева) у Кіеўскім скверы. Толькі што ён уключыў песню «Перамен». Фота Надзеі Бужан

6 жніўня. Улад Сакалоўскі (злева) у Кіеўскім скверы. Толькі што ён уключыў песню «Перамен». Фота Надзеі Бужан

— Раскажыце мне храналогію: вось усё гэта адбылося, вы далі інтэрв’ю і вас паўторна затрымалі. Куды вас даставілі? У МУС?

— Так, у МУС.

— І што там было?

— Як я ўжо расказваў, мне прапанавалі: або я падпісваю паперу, што я не ведаю, што гэта быў за чалавек, або крымінальны артыкул аб паклёпе. У выніку я падпісаў і на наступны дзень — бягом з краіны.

— А што менавіта вы падпісалі?

— Я не памятаю дакладна, па-мойму, гэта быў нейкі пратакол, я яшчэ тады ў такім стрэсе быў.

— Адваката не было з вамі?

— Адвакат быў пад дзвярыма МУС, ён прыехаў крыху пазней, і яму сказалі, што я адмовіўся ад адваката. Яго не пусцілі да мяне.

— А вы ўвогуле ўпэўненыя, што гэта быў Барсукоў? Разумею, прозвішча яго вы не ведалі, але знешне вы ўпэўненыя, што гэта той чалавек?

— Знешне я працэнтаў на 95 упэўнены, што гэта быў той жа чалавек.

— Можаце патлумачыць, чаму вы ўпэўненыя, што гэта ён быў?

— Па-першае, калі я яго другі раз убачыў, я тады ўласна і даведаўся, што гэта намеснік міністра.

— Ён прадставіўся, ці як?

— Калі я быў у агульнай камеры, да нас зайшоў нейкі чалавек — я так разумею, з адміністрацыі Акрэсціна — і сказаў, што зараз з намі будзе размаўляць намеснік міністра. У гэты момант мяне выводзілі з камеры, і я ўбачыў Барсукова (як я пазней даведаўся яго прозвішча). Ён размаўляў з іншымі вязнямі, я ў гэты час быў у калідоры. То-бок я яго бачыў у калідоры другі раз.

— Калі ён прыязджаў да вас у першы раз і ў вас была размова, што ён вам гаварыў? У чым выражаўся яго ціск на вас?

— Усё, што я расказваў у інтэрв’ю: «Тварам да сцяны!» — я станаўлюся тварам да сцяны. «Захацеў перамен? Уключыў песню? Праз цябе людзі выйшлі на вуліцу, куча ў бальніцах ляжаць, збітых, паламаных, рыхтуйся — сядзеш на 10 год, для цябе ўсё толькі пачынаецца». У гэты момант — два ўдары. У канцы яшчэ кажа, што я і сябра свайго падставіў. Уся размова — хвіліны паўтары прыкладна было.

— А вы ўспрымалі яго пагрозы як рэальныя?

— Як вы думаеце? Я сяджу ў турме ў карцары, да мяне прыходзіць нейкі чалавек і кажа: ты сядзеш на 10 год. Канечне, гэта гучала як рэальная пагроза. Я ўжо падрыхтаваўся і нават сукамернікам сваім сказаў, што чакаю крымінальнай справы ці прысуду, як мінімум падаўжэння ўтрымання яшчэ на 15 сутак. Я не думаў, што я выйду пасля завяршэння гэтых 10 сутак.

— Вы прынялі рашэнне з’ехаць з Беларусі з якой прычыны?

— Пасля другога затрымання.

— Чаму?

— Бо мне пагражалі крымінальнай справай. Яшчэ ў самой камеры быў такі інцыдэнт, што да мяне падсаджваўся нейкі чалавек, які вельмі вылучаўся з усёй масы, спрабаваў шчыра пагаварыць. Пакідаў у канцы адкрытыя пытанні: маўляў, пратэсты працягваюцца, я выйду з Акрэсціна на волю, і як не выйсці другі раз на пратэсты, так? І сядзіць глядзіць — чакае адказу ад мяне. І пасля размовы 21 жніўня ў МУС з нагоды сітуацыі з Барсуковым у мяне распытвалі пра грошы, якія нам збіралі, пакуль мы сядзелі. Спрабавалі даведацца імёны, прозвішчы, нумары тэлефонаў, арганізацыі, хто будзе перадаваць. Дайшло да таго, што прапанавалі: аддавайце грошы нам, а потым пад нашым назіраннем будзеце імі распараджацца правільна. Пасля гэтага ў калідоры я сустракаю сукамерніка: я іду ў суправаджэнні дваіх супрацоўнікаў, а ён ідзе насустрач адзін. Мы паўтара-два метры адзін ад аднаго, ён апускае галаву, праходзіць міма, я паварочваюся, гляджу: ён стаіць ля сцяны і таксама на мяне глядзіць. Я тады падумаў, што ўсё толькі пачынаецца, і з’ехаў.

— Вы зараз за мяжой у якім статусе знаходзіцеся: просіце палітычны прытулак?

— Не, у мяне віза.

— Вяртацца вы пакуль не плануеце?

— З кожным днём верагоднасць, што я вярнуся, меншае.

— Вы ж яшчэ запісвалі нейкае відэа ў МУС?

— Быў момант, калі яны здымалі афіцыйна, з занясеннем часу ў пратакол. Але ўсю размову ляжала камера на краі стала. І я не ведаю, здымала яна ці не, — гэта раз. Плюс яшчэ мяне здымалі на тэлефон. На відэа я запісаў, што я не ведаю, што гэта быў за чалавек, што той, хто да мяне заходзіў, быў крыху вышэйшы, крыху шырэйшы, валасы больш доўгія і цямнейшыя — вось такое глупства, такое глупства было і ў пратаколе. І выбачэнне, што я выбачаюся. Там таксама глупства поўнае, я сказаў, што я выбачаюся, але не разумею, за што я выбачаюся, — выбачаюся за ўсё.

— А гэтае відэа выходзіла ў нейкім выглядзе, вы не ведаеце?

— Не, мне мой адвакат казаў, рыхтуйся, яны могуць гэта нарэзаць і паказаць, як і гэта зручна будзе. Але пакуль яно не выходзіла.

— А можаце патлумачыць, нашто вы запісалі гэта відэа?

— Калі мне кажуць: глядзі, табе пагражае крымінальны артыкул або ты выбачаешся — выбар. Я разумеў, што гэта не закончыцца яшчэ, але ў мяне ёсць шанец выйсці ці сесці ў СІЗА.

— Ці магу я камусьці гаварыць пра нашу з вамі размову, пра тое, што вы мне сёння паведамілі?

— Так, я ж нічога такога не сказаў.

— Я ў любым разе павінна ў вас гэта ўдакладніць. Я ж не пісала пра гэту сітуацыю, краем вуха чула пра гэта. У мяне як у жонкі Ягора могуць нешта пытацца пра гэта журналісты ці заўтра мяне выклікае следчы. Цяпер я ведаю болей пра гэту сітуацыю ад вас, адпаведна, я хачу папрасіць дазволу, ці магу я ў сваіх каментарах, адказах спасылацца на тое, што вы мне сказалі.

— Ну так. Яшчэ такі момант успомніў: у карцары былі дзве камеры відэаназірання пад столлю. І калі я быў у МУС, я пытаўся ў аднаго з супрацоўнікаў, ці ёсць відэа з гэтых камер. І ён мне адказаў, што так, ёсць, ён яго бачыў. Я спытаўся: ну і хто на гэтым відэа? Ён кажа: я не магу пра гэта казаць. На той момант, калі я быў у МУС 21 жніўня, гэта відэа існавала, можа, яно і цяпер ёсць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0