16 верасня ў паб прыйшлі першыя праверкі. 11 студзеня «Торвальд» быў вымушаны закрыцца.
«Раптоўна ў памяшканнях, якія мы займаем і якія існуюць ужо больш за 150 гадоў, выявіліся надзвычай сур’ёзныя недахопы: прыступкі занадта высокія, а калідоры — неймаверна вузкія. Гэтыя недасканаласці разам з адмысловымі службамі, што вельмі клапоцяцца аб нашай з вамі бяcпецы, вымушаюць нас прыпыніць сваю дзейнасць», — паведаміў «Торвальд».
Перад закрыццём гаспадары арт-паба заклікалі «разабраць «Торвальд» на сувеніры» — купіць што заўгодна з начыння, аздаблення і інтэрʼеру памяшкання.
«Торвальд» адкрыўся на гістарычнай вуліцы Віцебска ў 2016 годзе і хутка стаў нефармальным цэнтрам беларускага культурнага жыцця ў горадзе. Тут гатавалі нацыянальныя стравы і напоі, гасцей абслугоўвалі па-беларуску. Праводзілі канцэрты і творчыя сустрэчы, фэст вышыванкі і курсы «Мова нанова».
У маразы 2017 года наведнікаў частавалі бясплатнай гарбатай.
Вясной 2020-га гатавалі і адвозілі медыкам гарачыя абеды.
Усяго па краіне палітычна матываваныя рэпрэсіі зазналі больш за 320 бізнэсаў.





