Хрысціяне усіх канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі звярнуліся да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў з патрабаваннямі спыніць гвалт, аднавіць законнасць і правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Сярод падпісантаў — 96 святароў.
— Свядомае скажэнне інфармацыі аб выніках галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанні ў судах, дэзынфармацыя ў СМІ, загадзя неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і цяжкі грэх. Не хлусі, не кажы лжывага сведчання — гэта Божая запаведзь, — адзначаюць аўтары звароту.
На думку падпісантаў, «прымяненне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна».
Сярод тых, хто падпісаў адкрыты ліст хрысціян Беларусі, 96 святароў праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх і грэка-каталіцкіх цэркваў.





