Будынак Слуцкага РАУС

Будынак Слуцкага РАУС

Суд Слуцкага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) у дачыненні да 34-гадовага случака. Суддзя Аляксандр Шутко пакараў яго годам «хіміі», паведамляе spring96.org.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён вечарам 4 жніўня пасля адмененага ўладамі мітынгу Святланы Ціханоўскай рассыпаў «вожыкі» на тэрыторыі каля будынка РАУС.

У выніку былі пашкоджаныя шыны аўтамабіляў двух супрацоўнікаў міліцыі, на месцы канфіскавалі 38 будаўнічых шрубаў, а дзеянні жыхара Слуцка кваліфікавалі як хуліганства.

У судзе пацярпелыя заявілі, што не маюць прэтэнзій. Пракурор прасіў суд пакараць случака паўтара гадамі «хатняй хіміі», але суддзя прызначыў больш жорсткае пакаранне.

Перад дачай паказанняў у судзе 5 студзеня абвінавачаны папрасіў яго «моцна матэрыяльна не караць, бо ў жонкі анкалогія» і папрасіў далучыць выпіску з медыцынскай карты жонкі да справы. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў. Грамадзянін А. сваю віну прызнаў цалкам.

Жыхар Слуцка патлумачыў, навошта ён здзейсніў свае дзеянні:

«4 жніўня ехаў з працы і ўбачыў, што ў горадзе стаяць аўтазакі, затым паехаў дадому. Пасля гэтага выпіў, выклікаў таксі і вырашыў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Убачыў, як АМАП гвалтоўна забірае людзей у аўтазакі. Пасля паехаў у будаўнічую краму, купіў шрубы і, седзячы на заднім сядзенні таксі, рассыпаў іх па вуліцы Уласаўца ад будынка РАУС да пракуратуры».

Абвінавачаны адзначыў, што «калі б ён быў цвярозы, то такога б не было».

Таксама ў судзе прысутнічалі двое пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі, колы машын якіх апынуліся пракалоты. Грамадзянскія пазовы яны заяўляць адмовіліся і прэтэнзій да грамадзяніна А. не маюць, бо абвінавачаным былі прынесеныя прабачэнні і кампенсаваная сума, якую пацярпелыя выдаткавалі на паслугі СТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0