5 студзеня пайшоў з жыцця экс-намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Сазонаў, пра гэта Tut.by распавяла ягоная жонка Раіса Дашкевіч. Міхаіл Юр'евіч уваходзіў у склад каманды Аляксандра Лукашэнкі, калі той упершыню ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе.

 

Міхаілу Сазонаву было 64 гады. Апошні час ён моцна хварэў.

— Два месяцы ён правёў у кардыяцэнтры. Лёг ён з сэрцам, там заразіўся яшчэ каранавірусам, — распавяла Раіса Дашкевіч.

Міхаіл Сазонаў скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў геолагам у навукова-даследчых і інжынерна-даследчых арганізацыях. У 1980-х перайшоў у МУС. Займаўся барацьбой з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй. Працуючы ў міліцыі, атрымаў юрыдычную адукацыю. Удзельнічаў у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.

У 1993 годзе з пасады намесніка начальніка Рэспубліканскага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю быў накіраваны ў парламенцкую антыкарупцыйную камісію, якую ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Падчас перадвыбарнай кампаніі, калі абіралі першага прэзідэнта Беларусі, быў адным з кіраўнікоў штаба ў камандзе Лукашэнкі.

З 1994 года Сазонаў працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Быў намеснікам і першым намеснікам кіраўніка.

З 1999 года па 2000 год, знаходзячыся на пасадзе памочніка прэзідэнта, удзельнічаў у падрыхтоўцы дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

У 2000 годзе сышоў у адстаўку з дзяржаўнай службы і заняўся бізнэсам.

Развітанне з Міхаілам Сазонавым пройдзе сёння, 8 студзеня, па адрасе: Мінск, вул. Кульман, 33 з 12.00 да 14.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?