Васіль расказаў карэспандэнту «Еўрарадыё» абставіны таго вечара. 

Васіль Грудовік: У Пінску я дапамагаў актывістам з «Палескай дабрыні». Яны там арганізоўвалі пікет Святланы Ціханоўскай. Адзін актывіст спрабаваў выбіць дазволы для правядзення пікетаў у раённых гарадах і звярнуўся да мяне з тым, каб я арганізаваў музычнае суправаджэнне. На такім пікеце я ўпершыню ўбачыў, колькі людзей супраць. Мы прыехалі на пікет у Брэст, я ўбачыў, якія маштабы там. Я ўбачыў зашуганых даішнікаў і зразумеў, што яны самі тады былі не супраць.

Я вырашыў, што да 9 жніўня я падрыхтуюся, каб не быць затрыманым, а каб даць здачы і адпор. Я натачыў коп'і з арматуры. Нарэзаў анучак, сабраў бутэлькі шкляныя. Усё гэта паклаў у багажніку, падрыхтаваўся так, што калі трэба, то будзем адбівацца. Я ўсё ж не радыкал, я не хачу ісці і херачыць. А я гэта зрабіў, каб абараніць сваё жыццё. Можна лічыць мяне вар'ятам, але, калі ласка, лічыце.

Я паставіў машыну не так далёка і пайшоў да гарвыканкама. Там мы некалькі гадзін размаўлялі. Мая ідэя была ў тым, што мы зойдзем у гарвыканкам і будзем прысутнічаць пры падліку, каб усё было справядліва.

Каравякоўскі (палкоўнік Дзмітрый Каравякоўскі, начальнік Пінскага ГАУС — «НН») так і сказаў: «Выберыце пяць чалавек, мы іх завядзём». Нас выйшла шэсць. Я баяўся, што калі нас правядуць праз шчыты, то мы не вернемся. Я так і сказаў: «Калі мы праз паўгадзіны не вернемся, то пачынайце». Што пачынаць, я не ўдакладняў — але ўсе зразумелі.

І вось нас завялі, потым Каравякоўскі гаворыць з кімсьці па тэлефоне. У выніку да нас спусціўся дзядзька з гарвыканкама і паказаў выніковы пратакол — 80 з чымсьці адсоткаў за Лукашэнку.

Еўрарадыё: Чаму ты з'ехаў з Пінска?

Васіль Грудовік: Ён чамусьці падумаў, што я галоўны. Мы з ім калі ішлі да гарвыканкама. І калі мы ішлі, то я казаў, што нас не атрымаецца падмануць гэтым разам, калі нешта пойдзе не так: «Я пра гэта паклапачуся, каб так здарылася». А ён такі пытаўся: «Гэта ты? Гэта ты скажаш, каб яны пачалі біцца?»

Мне не хацелася браць на сябе ролю адказнага. Але калі натоўп стаяў, я звяртаўся да міліцыянераў, запускаў такую інфу, што ў Кобрыне, маўляў, міліцыянеры склалі шчыты. У Баранавічах. І я ўжо проста пачаў хадзіць, углядацца ім у вочы і казаць: «Хлопцы, давайце, пераходзьце на бок народа, заўтра вас чакае новае жыццё», «Паедзеш з жонкай у Італію, у адпачынак, новыя рабочыя месцы гатовыя».

Потым Каравякоўскі даў каманду нас акружаць, нас адштурхоўвалі назад. Я зразумеў, што нельга ўцякаць. Падышоў да іх, яны ўжылі газ. Я адышоў, аддыхаўся, узяў палку і пайшоў іх біць.

Потым пайшоў забіраць машыну. Злавіў спадарожную, убачыў, што каля [маёй] машыны шмат міліцыі. І думаў, што ўсё. Праз час машына нідзе не засвяцілася, і мая арматура таксама. Потым спадарожнымі дабраўся да дома. Спрабаваў мінакоў неяк падштурхнуць на дзеянні, але ніхто не быў так радыкальна настроены, усе казалі, што я правакатар: «Мы цябе, б*****, зараз скруцім».

Калі б тады ўсё было па-іншаму, то не так зацягнулася б, як цяпер усё. Я, на жаль, не аказаўся маленькай іскрай, якая можа распаліць агонь. Мне здавалася, што раз мы пачалі, то трэба ісці да канца.

На наступны дзень мяне папярэдзілі: «Вася, тэрмінова з'язджай». Я і паехаў да мяжы. Ехаў некалькі дзён па лясных дарогах да Украіны. Матацыкл, дарэчы, застаўся на штрафстаянцы. У мяне яго незадоўга да выбараў забралі за язду без правоў. Я кажу, не буду плаціць штраф, давайце суткі. Але перад выбарамі нікому не давалі суткі. А пасля выбараў мяне б дакладна затрымалі і раскруцілі па поўнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0