Калі чалавек падвяргаецца працягламу ўздзеянню сухога марозу або халоднай вады, надыходзіць агульнае пераахаладжэнне арганізма. У першую чаргу гэта пагражае дзецям, нават калі яны апранутыя вельмі цёпла, але нерухомыя або гуляюць у мокрай вопратцы.

Знешнія прыкметы пераахаладжэння:

  • дрыжыкі;
  • бледнасць скуры;
  • здранцвенне канечнасцяў;
  • затарможанасць;
  • страта каардынацыі рухаў;
  • тэмпература цела 35 градусаў і ніжэй;
  • страта прытомнасці.

У моцны мароз трэба выходзіць на вуліцу здаровым, не галодным, не сонным і поўным сіл. Памятайце, што папярэдняя халадовая траўма, паслабленне арганізма ў выніку перанесеных захворванняў, патлівасць ног, хранічныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы — частыя спадарожнікі абмаражэння.

Не выходзьце на мароз з вільготнымі пасля душа валасамі, бо захварэць у такім разе вельмі проста. Пару слоў трэба сказаць аб напоях. Чай — правільнае рашэнне як перад выхадам, так і падчас знаходжання на вуліцы.

Спіртное выклікае толькі здрадніцкую ілюзію цяпла. Аб курэнні варта таксама забыцца, бо яно памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канечнасці больш уразлівымі. Адзенне павінна быць цёплым, функцыянальным і свабодным, яго знешні выгляд і «трэндавасць» — справа другога плана. Легінсы, ірваныя джынсы і «мокрыя кросы» лепш адкласці для летніх вечарынак. Пра рукавіцы і шапку, спадзяёмся, вы самі памятаеце з бацькоўскіх указанняў.

Для шчок і падбародка можна выкарыстоўваць звычайны цёплы шалік або абараніць адмысловым крэмам.

Трывалы падмурак для ахалоджвання — цесны абутак, адсутнасць вусцілкі, сырыя шкарпэткі. Вусцілкі, дарэчы, павінны быць цёплымі, а шкарпэткі — ваўнянымі.

Калі падчас прагулкі дзіця замерзла, тэрмінова бярыце яго дадому або ў любое цёплае месца! Калі адзенне мокрае, то змяніце яго; паступова сагравайце дзіця сухім цяплом. Таксама варта пакласці цёплыя грэлкі ў пахвінную і падпахавую вобласці. Дайце дзіцяці цёплы салодкі чай, трохі хлеба або печыва; калі малому дрэнна, трэба пакласці яго на жывот або бок, накрыць чымсьці цёплым і выклікаць хуткую дапамогу.

Абмаражэнне — гэта вельмі сур'ёзна, небяспечна і балюча. Трэба памятаць, што абмарозіцца можна не толькі на вялікім марозе, але і ў не самыя моцныя халады пры высокай вільготнасці паветра.

Прыкметы абмаражэння:

  • канечнасці бляднеюць і губляюць адчувальнасць, вушы моцна чырванеюць;
  • дома трэба расціраць канечнасці сухімі рукамі, пакуль яны не сагрэюцца;
  • на скуры з'яўляюцца бурбалкі, як пры апёках, — трэба тэрмінова звяртацца да доктара;
  • змярцвенне тканін. Скура мае сіне-чорны колер, з'яўляюцца язвы, адчувальнасць губляецца. Неадкладна выклікаць хуткую дапамогу!

Вельмі важна навучыць дзяцей апранацца па надвор'і, рухацца, каб не змерзнуць, не дрыжаць (чым мацней дрыжыш, тым больш замярзаеш), а таксама дыхаць носам, расціраць далоні адну аб іншую, рабіць энергічныя махі рукамі, танцаваць (трэба выцягнуць рукі ўздоўж цела, растапырыць пальцы і рабіць плячыма рэзкія і частыя рухі ўверх-уніз). Не забывайце і грэць рукі пад пахамі, варушыць пальцамі ног, прысядаць, бегаць на месцы, расціраць нос, шчокі і вушы сухімі далонямі.

Таксама растлумачце дзіцяці, што вельмі небяспечна выходзіць на змёрзлы вадаём і тым больш гуляць на лёдзе.

Ні ў якім разе нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0