Першае, што зрабіў актывіст, вярнуўшыся ў родны Дрыбін, — адзначыў Вадохрышча акунаньнем у палонку мясцовага возера.

Затрымалі Андрэя Юркова 31 сьнежня за вывешаны на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Дрыбінскі суд прысудзіў яму спачатку пяць дзён арышту. А па вызваленьні дадаў новыя пятнаццаць за відэа, на якім актывіст прагульваецца на лыжах у бела-чырвоным шаліку з надпісам «Беларусь».

«Гэта быў звычайны шалік, зь якім гадоў дваццаць ходзяць на футбол заўзятары, — кажа актывіст. — Я яго і набыў на менскім стадыёне «Дынама». Насіў і раней, прэтэнзіяў не было».

Юркоў прызнаецца: рэгулярныя затрыманьні для яго самога загадка. Ён ня можа зразумець, чым так расьцьвяліў мясцовую ўладу. Адзінае тлумачэньне, якое знаходзіць: «Службоўцам трэба паказваць вышэйшаму начальству з Магілёва, як яны змагаюцца з пратэставымі настроямі ў раёне».

Адбываў пакараньне Юркоў у суседніх Горках, бо ў Дрыбіне ІЧУ закрылі. 2021 год сустракаў у самоце, згадваючы радкі зь песьні Зьмітра Вайцюшкевіча: «Першы раз за ўсё жыцьцё Новы год у адзіноце». Ахоўнікі на ягоную просьбу далі пасьля 23-й гадзіны кіпню, і ён запарыў сабе гарбаты. Да яе былі перададзеныя сястрой мандарыны. Пра надыход 2021 году даведаўся, як пачалі бухаць на волі салюты.

«Гэтую цяжкую ношу перакладаць нікому не выпадае, — адказвае актывіст на пытаньне пра чаканьні ў новым годзе. — Час выбраў нас. Нарывацца я б нікому ня раіў, але і стаяць убаку ніводзін сумленны чалавек ня здолее ў такой, як у нас, сытуацыі».

У новым годзе яму кампанію ў камэры складалі ня толькі бытавыя хуліганы, п’яніцы ды сямейныя дэбашыры, але і землякі, асуджаныя за тое самае, што і ён. Траіх жыхароў Дрыбіна затрымалі за тое, што яны сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам у мясцовым парку. Дваім далі па 15, а аднаму 7 дзён арышту.

«Гэта новыя апазыцыянэры, таму даводзілася іх адукоўваць», — з усьмешкай адзначае нявольнік са стажам.

Ён кажа, што ў камэры было холадна — ад сьцюжы на дварэ сьцены хутка настылі. Гарачыя батарэі не ратавалі. Каб сагрэцца, сядзельцы займаліся фізкультурай, падымаліся дзеля гэтага нават ноччу.

З тых, каго кінулі ў ізалятар за бытавыя правіны, Андрэю Юркову запомніўся 69-гадовы мужчына, якога за сварку «здала міліцыі тайком жонка». Па словах актывіста, пэнсіянэр шмат год адпрацаваў у мясцовым ПМК мастаком-аздабляльнікам.

Большая ж частка нявольнікаў трапіла ў ізалятар праз злоўжываньне алькаголем. Актывіст кажа, што многім з «нармальных людзей» гэты пласт грамадзтва незнаёмы, бо ў жыцьці рэдка зь ім перакрыжоўваюцца.

Актывіста ўразіла, як цяжка ягоныя сукамэрнікі выходзілі з запою. Некаторыя біліся галовамі ў дзьверы, і выводзілі іх «з шаленства» мэдыкі.

Сёньняшнюю ноч Андрэй Юркоў правёў у адной камэры з маладым мужчынам, які нападпітку буяніў, а потым супакоіўся. У яго маладая жонка, сыну пяць месяцаў. Выжываць дапамагаюць бацькі.

«А што яму яшчэ рабіць у Горках? — пытаецца актывіст. — Працы тут няма. У Расею цяпер ня выедзеш. Таму народ шалее. Каб была праца і годны заробак, то людзі б не сьпіваліся, бо былі б занятыя. А так тупік».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?