Кудрын сёння адрэагаваў на выпады Лукашэнкі, што прагучалі ў пятніцу.

© РІА Навіны

«Калі тыя, хто жадае дапамагаць Рэспубліцы Беларусь і жадае збалансаванай ды стабільнай эканомікі, прыраўноўваюцца да апазіцыі, то я тады не разумею, што ж патрэбна Рэспубліцы Беларусь», — дыпламатычна заявіў ён журналістам.

Так і ўяўляеш паўзу дзеля падбору эўфемізму пасля «прыраўноўваюцца да...». Без дыпламатыі трэ’ было б казаць «…да адмарозкаў». Менавіта такую лексіку ўжыў Лукашэнка, бэсцячы расійскага віцэ-прэм’ера за інфармацыйную бомбу — заяву пра перспектыву неплатаздольнасці нашай дзяржавы.

Галоўнае ж,

Кудрын нагадаў умовы, на якіх Масква гатова крэдытаваць. А менавіта — бездэфіцытны бюджэт, замарожванне заробкаў, павышэнне тарыфаў, дэвальвацыя.

Карацей, цэлы букет непапулярных, мякка кажучы, захадаў. Зрэшты, таго ж патрабуе і МВФ. Усё банкіры скупыя і не хочуць, каб грошы ішлі на вецер. Бо чым тады аддаваць?

Фактычна з абодвух бакоў сёння патрабуюць балючых рэформаў. Яны прайшлі б не так балюча, каб былі зладжаныя некалькі гадоў таму, на піку нафтагазавага кайфу. Але ж так не хацелася шукаць дабра ад дабра. Дурніца здавалася вечнай.

На нарадзе 29 траўня Лукашэнка палохаў чыноўнікаў стратай незалежнасці: будзем, маўляў, корку хлеба (чытай: у Масквы) прасіць. Палітолаг Валер Карбалевіч згадвае: у 2006 годзе на афіцыйны Дзень незалежнасці кіраўнік патэтычна заявіў, што ў нас цалкам завершана будаўніцтва самастойнай, суверэннай дзяржавы. Зараз жа

высвятляецца, што суверэнітэт вісіць на нітцы, мы можам застацца без кавалка хлеба. «Мусіць, гэта і ёсць галоўны вынік 15-гадовага кіравання цяперашняга прэзідэнта», — горка іранізуе эксперт.

Паказальна, што дзяржаўная прэса стала вешаць усіх сабак на апазіцыю, якая нібыта скача ад радасці, што хутка дэфолт. А хто ж усе гэтыя гады гуляў у «братнюю інтэграцыю» перад імперскай пысай? Дык дзіва што тая пыса разявілася! У Маскве былі б апошнія дурні, каб не захацелі скарыстаць цяперашняе адчайнае фінансава-эканамічнае становішча «сінявокай сястры» дзеля новай спробы ціхага паглынання.

Кудрын жа сёння загінаў пальцы:

• толькі Расія за апошнія паўтара гады дала нам крэдытаў на тры мільярды долараў;

• плюс нядаўна «625 мільёнаў долараў “Газпром” праплаціў за трубу, яшчэ 300 мільёнаў долараў “Газпром” праплаціў з апярэджаннем за транзітныя пастаўкі»;

• плюс Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт на 800 мільёнаў долараў;

• плюс крэдыт ад Венесуэлы на паўмільярда.

Такім чынам, Кудрын налічыў толькі за апошнія паўгода $3,7 млрд. замежных фінансавых уліванняў.

І ўсё як у прорву. Хвалёная «беларуская мадэль», такім чынам, аказалася не гатовай да выклікаў, яна прасядае на вачах.

Што да сур’ёзнасці сітуацыі, то адзін штрых: як высветлілася, расходам рэспубліканскага бюджэту зроблена крывапусканне дэ-факта на 20%. І гэта, бадай, не апошні сёлета секвестр, кажуць адмыслоўцы.

Сайт жа Нацбанка ўчора проста лёг: народ ламаўся зірнуць, якія курсы усталяваны на 1 чэрвеня. Прывід дэвальвацыі блукае па Беларусі. І, канечне ж, ва ўсім вінаваты «адмарозкі».

ЗЫ. Цікавая свежая інфа. Ананім з фінансавых колаў кажа пра новую курсавую палітыку Нацбанка. Цяпер наш рубель трымаюць адносна долара, каб не палохаць народ, але апускаюць адносна еўра. Канстатуецца «неабходнасць выканання рэкамендацый МВФ, які лічыць беларускі рубель пераацэненым».

ЗЗЫ. Палеміка пайшла на новы віток. У аўторак Сідорскі на Саўміне параўнаў Кудрына з кладаўшчыком, які «далей кладоўкі нічога не бачыць». У беларускага начальства даволі арыгінальная манера прасіць грошы :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?