Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

З’яўленне новых варыянтаў каранавіруса сігналізуе пра будучыню, дзе барацьба з пандэміяй зацягнецца на нявызначаны тэрмін, піша выданне The Wall Street Journal.

Эпідэміёлагі папярэджваюць, што новыя штамы кавіду распаўсюджваюцца хутчэй і павялічваюць рызыку смерці. У той жа час вакцыны супраць іх становяцца менш эфектыўнымі, што пагражае зацягненнем каранціну і большай колькасцю смерцяў. Аднак, па словах навукоўцаў, гэта не значыць, што інфекцыю немагчыма стрымаць.

«Для каранавіруса характэрна хуткае муціраванне, што прыводзіць да з’яўлення новых штамаў», — сцвярджае Энтані Харндэн, доктар, які кансультуе ўлады ў Вялікабрытаніі. «Мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі нам штогод будзе патрэбна новая вакцына, каб даць рады новым варыянтам кавіду», — сцвярджае ён.

Энтані Фаўчы, галоўны дарадца Байдэна па пытаннях пандэміі, пераконвае, што цяперашнія вакцыны застаюцца эфектыўнымі ў барацьбе з новымі штамамі. «Тое, што мы будзем рабіць і ўжо робім, — мадыфікацыя існуючых вакцын. Найлепшы спосаб прадухіліць мутацыі — вакцынаваць як мага хутчэй і як мага больш людзей».

Вялізная колькасць выпадкаў захворвання па ўсім свеце дала вірусу магчымасць муціраваць і распаўсюджвацца хутчэй, чым гэта было на пачатку пандэміі. Менавіта ўзнікненне новых штамаў затрымлівае той дзень, калі свет вернецца да свайго звыклага стану дзякуючы вакцынам. Таксама гэта павялічвае верагоднасць перыядычных успышак інфекцыі нават пасля масавай вакцынацыі насельніцтва. Навукоўцы мяркуюць, што міжнародныя абмежаванні на паездкі будуць дзейнічаць з перапынкамі на працягу многіх гадоў.

Існуе вялікая імавернасць, што будуць узнікаць новыя штамы, нават калі ўзровень імунітэту ў развітых краінах будзе дастаткова высокім, каб стрымаць распаўсюджванне кавіду. Справа ў тым, што бедныя краіны на працягу некаторага часу не будуць мець доступу да вакцынацыі, што выкліча новыя мутацыі каранавіруса.

Тым не менш, праграмы вакцынацыі ва ўсім свеце павінны выклікаць скарачэнне колькасці сур’ёзна хворых людзей. Імаверна, што крывая росту захворвання пойдзе ўніз. Падчас гэтага спаду навукоўцам будзе неабходна адаптаваць вакцыны да новых варыянтаў, каб не дапусціць росту заражэння.

Каранавірус муціруе не так часта, як вірус грыпу, для якога патрабуецца вакцынацыя штогод. Але відавочна, што людзям перыядычна трэба будзе атрымліваць дадатковыя прышчэпкі, каб падтрымліваць сваю ахову ад віруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0