У 2012 годзе ён трапіў у СІЗА па артыкуле «Дапамога ва ўхіленні ад сплаты падаткаў». У 2014 годзе быў асуджаны да 7 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазалетась Кацарэнка выйшаў на волю. А цяпер узначальвае праваабарончую камісію Круглага стала дэмакратычных сіл Юрыя Васкрасенскага.

Уладзіслаў Кацарэнка. Фота Надзеі Бужан.

Уладзіслаў Кацарэнка. Фота Надзеі Бужан.

Менавіта пад кіраўніцтвам Кацарэнкі быў распрацаваны спіс 213 чалавек, якіх пераследуюць па палітычных матывах, і якіх КСДС просіць ва Усебеларускага сходу амніставаць. «НН» паразмаўляла з Уладзіславам Кацарэнкам пра нюансы складання гэтага спісу.

«Ад Ціханоўскай і Латушкі адказаў няма»

«Мы даслалі лісты Ціханоўскай, Латушку, Кавальковай з пытаннем, ці не супраць яны таго, каб іх таксама уключылі ў гэты спіс?

Калі вы бачылі першую прэс-канферэнцыю Каардынацыйнай рады 14 жніўня, то менавіта Вольга Кавалькова, мабыць, па неразуменні, сказала, што задачай КС з’яўляецца перадача ім улады. Гэта і стала трыгерам для Следчага камітэта, каб завесці крымінальную справу па захопе ўлады. Калі б Кавалькова гэтага не казала, то ў следчых органаў не было б падстаў заводзіць справу.

Ціханоўская таксама называла нас самазванцамі, але ж людзі ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі на розных этапах. У офісе на Харужай было вольнае памяшканне, мы яго знялі. Наша мэта — не даць расціснуць канчаткова тыя стваральныя моманты, якія аб’ядналі грамадзян. Лідары пакінулі Беларусь — я не кажу, што яны праз гэта кепскія людзі, у іх былі на тое прычыны, небяспекі. Ціханоўскую ўвогуле проста вывезлі.

У нас няма да іх ніякага негатыву, а чаму яны на нас выліваюць негатыў — гэта іншае пытанне. Каб не было пытанняў, чаму мы ўключылі іх без ведама, мы даслалі кожнаму пытанне. Пакуль нам ніхто не адказаў. Калі нехта адкажа, тады ўключым».

«У Емяльянава чыстая хуліганка»

«У спісе няма анархіста Мікіты Емяльянава. У яго чыстая хуліганка, ён кінуў лямпачку з запальнай сумессю ў Мінскі гарадскі суд. Калі Іван Комар проста стаяў збоку, то Емяльянаў здзяйсняў акт. Таму першы ёсць у спісе, а другога няма».

Ці дайшоў Дзядок да вывучэння анарха-містыцызму?

«Таксама няма ў спісе Міколы Дзядка, яго арыштавалі за вядзенне тэлеграм-канала. Калі, скажам, на аўтара «Беларусі галаўнога мозга» [Ігара Лосіка] няма нічога, апроч таго, што ён прэтэнцыёзна вёў канал, то Дзядок заклікаў да розных акцый. Праз гэта мы выключылі. Калі будзе суд і акажацца, што мы памыляемся, то абавязкова ўключым.

У нас няма падзелу — анархіст ты ці не анархіст. Калі я сядзеў два гады ў СІЗА КДБ, то чытаў там выдатную кнігу «КДБ супраць палтэргейсту» — гэта навуковая праца, у асноўным пра ГПУ і НКВД, як у 30-я гады імі знішчалася апазіцыя. І самы прагрэсіўны рух 20-х гадоў былі анарха-містыкі — гэта адно з адгалінаванняў камуністычнага вучэння. Я сумняваюся, што Дзядок і іншыя хлопцы, што ходзяць з чорнымі сцягамі, чыталі Бакуніна ці Крапоткіна, дайшлі да вывучэння анарха-містыцызму.

Свет, канечне, хоча ісці па дэцэнтралізацыі кіравання, да шматпалярнага свету, але кожны робіць сваю дзяржаву больш моцнай, каб гэтых полюсаў было менш. Вось такая супярэчнасць. Анархізм кепскі тым, што яны могуць быць шчаслівымі толькі тады, калі над імі няма ніякай улады. У нас нармальнае стаўленне да анархістаў, але ім трэба браць здаровы анархізм ад Бакуніна».

Чаму сам Кацарэнка ў спісе?

«У нас спіс атрымаўся больш шырокі, чым агульны спіс палітвязняў. Тут і людзі, на якіх заведзеная крымінальная справа ці не выканана пакаранне, тут і людзі па хатнім арыштам, ці пад падпіскай — гэта, напрыклад, Юрый Васкрасенскі, Лілія Уласава, Ілля Салей.

Я ёсць у гэтым спісе, бо ў мяне ў справе прысутнічае палітычны матыў. У мяне так і не было справядлівага суда. Быў адзіны суд у 2014 годзе, дзе суддзя хацела мяне апраўдаць, але яе выклікаў старшыня суда, сказаўшы, што вось гэтаму 7 гадоў, астатнім — як хочаш. У доказах было напісана: «Кацарэнка мог з’яўляцца лідарам арганізаванай злачыннай групы праз асабістыя якасці». Кропка. Гэта ўсе доказы!

У мяне не выканана дадатковае пакаранне ў выглядзе забароны на займанне кіраўнічых пасад да 2024 года. Ад мяне толку ніякага, калі я пайду ахоўнікам у метро, але кіраўніком быць я не магу, таму я ўвайшоў у гэты спіс».

«Як можна саджаць за садраную балаклаву?»

«У Еўропе, нават калі ты паўдзельнічаў у пратэстах і параніў паліцэйскага, то больш за 3 гады ніколі не атрымаеш. Справа ў тым, што ў Еўропе паліцэйскі, калі ідзе на працу, ведае пра рызыкі сваёй прафесіі, за гэта яму плацяцца дадатковыя грошы. Гэтак як у нас плацяць амапаўцам, якія выходзяць у выхадныя. Прабачце, гэта смешна казаць, калі з амапаўца садралі балаклаву і падрапалі твар ці ў іншага выбілі з рук рацыю — і за гэта людзей саджаюць. Спадарства, адумайцеся! Дзе гуманізм? Калісьці ж на гэтым месцы можаце апынуцца вы самі. Так нельга рабіць».

«У Аўтуховіча нездаровая агрэсія»

«Калі мы ўнясём у спіс Аўтуховіча, то ўзровень гвалту можа не зменшыцца. Аўтуховіч — гэта не палітычная, а партызанска-падрыўная дзейнасць. Усё, што звязана з гвалтам, няможна падтрымліваць. Калі я пасядзеў з шматлікімі людзьмі, то разумею, што праходзіць між радкоў. Давайце разбяромся: у Аўтуховіча была фірма, што аказвала транспартныя паслугі, потым у яго гэты бізнэс прапаў. Чалавек абазліўся і сеў. Назваць яго палітычным вязнем нельга, ён жа хацеў застрэліць губернатара (гэтае абвінавачанне не пацвердзілася і было знятае — «НН»). У яго агрэсія даходзіла да нездаровых памераў. Я ўнутрана разумею такіх людзей, але давайце пачакаем суда, паглядзім, ці ёсць там доказы, ці ўсё прыцягнута за вушы. Можа, акажацца міфічнае стварэнне арганізаванай злачыннай групоўкі, як у Юрыя Васкрасенскага, калі паказвалі ў яго гумовую гранату і аўтамат для страйкбола.

Элементы садызму

«Нам напісала жанчына, муж якой 27 верасня выйшаў з дому, у дзень калі адбывалася акцыя. Нічога кепскага не хацеў зрабіць, але ў яго два кактэйлі Молатава знайшлі. Я не асуджаю людзей вельмі моцна, можа, нехта толькі думаў, але б так і не рашыўся. Калі нічога не адбылося, то не трэба караць моцна.

Але калі ён зрабіў кактэйлі Молатава, то ён не ішоў на мірны пратэст з бел-чырвона-белым сцягам, як мае сябры з Таварыства вольных спартсменаў. За што іх саджалі? Асабліва дзяўчын — Леўчанка і Хіжынкову. За што іх так сувора каралі? Гэта ўжо нейкі элемент садызму».

Хто яшчэ?

«У нас у спісе ёсць Максім Тужык — гэты чалавек у натоўпе выбіў з рук міліцыянера тэлефон. Яму прышылі хуліганку і далі тры гады. Калі чалавек дзейнічае ў натоўпе і не меў жадання наносіць траўмы міліцыянераў, то мы ўносім яго ў спіс.

Мы ўключылі ў спіс двух сяброў Бабарыкі, у якіх знайшлі грошы. Гэта ўсё вельмі сумніўна. Палітычны складнік там прысутнічаў. Асоб з «Белгазпрамбанка», якія прызналі сваю віну, мы не ўключалі. Калі на судзе яны скажуць, што гэта было пад ціскам, тады іншая сітуацыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?