Дзяніс Іваноў

Дзяніс Іваноў

Людзі ў цывільным, што затрымлівалі Дзяніса, не прадставіліся і абяцалі адпусціць яго ўвечары пасля допыту. Але вечарам таго ж дня сябры знайшлі яго імя ў спісах затрыманых у ІЧУ на Акрэсціна. Пасля гэтага любая сувязь з ім знікла.

Пазней блізкія даведаліся, што Дзяніса змясцілі ў камеру на пяць месцаў, у якой утрымлівалася яшчэ 12 чалавек. Перад уваходам туды Дзяніса прымушалі прайсці па бел-чырвона-белым сцягу.

27 студзеня артыста спрабавалі асудзіць у судзе Першамайскага раёна, але справу адправілі на дапрацоўку. Нягледзячы на тое, што на наступны дзень скончыліся трое сутак утрымання пад вартай да суда, Дзяніса дадому не адпусцілі. Пры гэтым адвакат маладога чалавека доўга не магла высветліць, дзе яе падабаронны.

29 студзеня Дзяніса Іванова судзілі ўжо паводле новага пратакола, які склалі напярэдадні. Пры гэтым справа зноў была адпраўленая на дапрацоўку. Тэрмін новага затрымання заканчваецца 31 студзеня, і блізкія перажываюць, што Дзяніса ўсё ж пакінуць за кратамі.

«Восенню Дзяніс ужо адсядзеў 15 сутак па надуманай справе, мы не хочам, каб гэта паўтарылася. Мы хочам даць яго гісторыі агалоску, каб пра яе даведалася як мага больш людзей», — просяць блізкія Іванова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0