Першы сеанс адбудзецца ўжо 5 лютага. Падчас «Уікэндаў» будуць паказаныя фільмы, што прынеслі рэжысёру славу ў пачатку кар’еры, уладальнікі прэстыжных узнагарод і стужкі, прэм’еры якіх шакавалі публіку і выклікалі грамадскі рэзананс.
У падборцы няма знакамітых карцін 2010-х кшталту «Антыхрыста» ці «Німфаманкі»: яна прапануе прасачыць за менш вядомай сучаснаму гледачу часткай фільмаграфіі Трыера. Ва «Уікэнды» ўключаны работы «Элемент злачынства» і «Эпідэмія», «Еўропа» і «Мандэрлей», а таксама гучныя «Тая, што танцуе ў цемры» і «Рассякаючы хвалі».
Паказ кожнай з васьмі карцін будзе працягвацца абмеркаваннем убачанага з кінакрытыкам, кінаэкспертам і праграмным дырэктарам кінафестывалю «Лістапад» Ігарам Сукманавым.
Уласна кампанія «Арт Карпарэйшн», што з’яўляецца арганізатарам «Лістапада» і называе сябе гідам па добрым кіно, выступае арганізатарам і «Уікэндаў з Ларсам фон Трыерам». Апошні паказ серыі пройдзе 27 лютага.
Ларс фон Трыер: маніпулятар
5 лютага — «Эпідэмія»
6 лютага — «Тая, што танцуе ў цемры»
Ларс фон Трыер: чараўнік
12 лютага — «Элемент злачынства»
13 лютага — «Еўропа»
Ларс фон Трыер: насмешнік
19 лютага — «Самы галоўны бос»
20 лютага — «Мандэрлей»
Ларс фон Трыер: дагматык і наватар
26 лютага — «Ідыёты»
27 лютага — «Рассякаючы хвалі»





