Малочная вайна, якую беларускія чыноўнікі адмаўляюць, можа каштаваць нам, паводле «Коммерсанта», мільярд долараў. Удвая болей, чым тая няшчасная транша, праз якую нібыта разгарэўся сыр-бор.

Насамрэч прычыны канфлікту глыбейшыя. Лукашэнка быў шчыры, калі казаў, што расійцы хочуць нас «бясплатна ў кішэнь пакласці». У інтэрв’ю маскоўскім рэдактарам ён выдаў перыпетыі закуліснага бою за беларускую малочную галіну.

«Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на узроўні ўраду!.. Я кажу: “Да пабачэння. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, здыхаць, выліваць гэта малако, але вы так пытанне ставіць не будзеце”». Вось так эмацыйна пераказаў Лукашэнка свой дыялог з невядомым расійскім урадоўцам (Пуціным?).

У іхных жа кіроўных дзеячаў багаты адмысловы досвед. Яны не лаюцца, а ладзяць спецаперацыі.

На сцэну выйшаў галоўны санітарны доктар Расіі Анішчанка. Той самы, што ўжо абвяшчаў вайну латвійскім шпротам і грузінскаму баржомі. Цяпер ён апусціў шлагбаўм перад беларускай малочнай прадукцыяй блізу 500 найменняў.

Фармальна ў Расіі ёсць зачэпкі, каб тармазіць наш малочны экспарт. Па-першае, некаторым нашым вытворцам у лом было перааформіць нейкія тэхнічныя паперы. Па-другое, датацыі на вытворчасць малака ў Беларусі значна большыя.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў ўвогуле кажа, што мы прадаем малочныя прадукты за мяжу ва ўрон сабе. Прыводзіць прыклад: у снежні — студзені масла ішло ў Расію па 2,8 долара за кіло, а ў нашых крамах каштавала 4,6.

Выйсце, паводле эканаміста, — у рэфармаванні АПК, каб можна было не замыкацца на Расію, а прадаваць у Еўропе.

Але гэта доўгая песня. А расійскі капітал ужо натачыў зубы. І малочнай галіной яго апетыт не абмяжоўваецца.

Тым часам міністр Кудрын выдаў чарговую порцыю заяў. Так, з яго слоў, Лукашэнка ўзваліў на сябе надта вялікі цяжар, калі адмовіўся ад адзінай валюты. Гэта, маўляў, была стратэгічная памылка (чытай: за якую зараз і расплочваецеся).

Са слоў Кудрына вынікае, што Беларусь увогуле мусіць трываць дадатковыя затраты праз свой суверэнітэт. Палічыце, маўляў: банкаўская сістэма, войска, мытня, грувасткі апарат кіравання... Трэба разумець, што Паўночна-Заходні край быў бы куды болей эканамічным варыянтам.

Развагі Кудрына сімптаматычныя. Пэўна, так сама разважаюць у Крамлі. І такія аргументы даводзяць беларускаму кіраўніку. Які сам пастаянна цвердзіць, што беларусы і рускія — адзін народ. Вось і дзівяцца крамлёўцы: нашто ж тады рогам упірацца?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?