Распыталі Ларысу пра гадаванне ў шматдзетнай сям’і, апалітычнасць яе пакалення, працу на ўласную кватэру ад світанку да ночы да 50 год і француза, да якога яна магла з’ехаць яшчэ да выбараў.

*частка 1 артыкула 179 Крымінальнага кодэкса (незаконны збор і распаўсюд звестак, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, што прынеслі шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага).

Ларыса Танкашкур.

«А што не так з бел-чырвона-белым сцягам? Я пад ім дачку нараджала»

Досвед знаходжання ў няволі ў Ларысы ўжо ёсць: восенню мінулага года яна адбыла на Акрэсціна 15 сутак за «непадпарадкаванне». Нават калі яе новы прысуд пакінуць у сіле, яна ведае, што дакладна пакласці ў сумку, каб жыццё было больш камфортным: гігіенічныя сродкі, бялізну, кніжкі.

«За мной прыйшлі проста на пошту амаль адразу пасля таго, як я перадала дадзеныя 35 міліцыянераў адміністратару тэлеграм-канала раёна Лебядзіны. Мяне павезлі ў Следчы камітэт, і там я пачала даваць паказанні па 179 артыкуле. Нават і не думала, што разам з гэтым мне падсунуць падпісаць яшчэ адзін пратакол за непадпарадкаванне пры затрыманні. Нібыта я на лесвіцы павалілася, схапілася за міліцыянера, упіралася… Думаю, паўплывала тое, што на мяне крычалі: «Колькі можна бегаць з гэтым сцягам?» Я, дарэчы, спытала ў адказ: «А што не так з гэтым сцягам? Я дачку пад ім нараджала». Такое стаўленне ў міліцыі — нібыта ты ніжэйшы за іх. Ведаеце, я ў савецкія часы сама ў дружыне была, людзей у форме паважала, а цяпер стаўленне да іх неяк змянілася…» — прызнаецца Ларыса.

У камеры нікому не давалі матрацаў і пасцельнае, таму Ларыса з сукамерніцамі спалі на металічных нарах і лаўцы, некаторыя — на падлозе. Таксама не было гарачай вады, у прыбіральні не працаваў зліў — жанчыны напаўнялі бутэлькі і змывалі ўсё ўручную.

«Усё гэта неяк згладжвалася, бо побач былі свае: баскетбалістка Лена Леўчанка, валанцёрка штаба Бабарыкі Іна Кавалёнак, Наташа Хершэ са Швейцарыі, Сафія Малашэвіч. Нам было пра што паразмаўляць. Агулам у мяне ёсць такая асаблівасць: калі цяжка, я нібыта на сябе надзяваю браню. Ёсць толькі я і мэта. Магу не заўважаць, што адбываецца навокал. Так у мяне было, калі прыйшлося 19 год выплачваць крэдыт за кватэру пад 35%. На світанку падымаешся і толькі а 23-й прыходзіш дадому пасля працы. Толькі ў 50 год я ўласную кватэру атрымала».

Цяпер Ларыса піша лісты былым сукамерніцам (і сённяшнім палітзняволеным), а таксама ходзіць на суды, каб падтрымліваць іншых людзей. 

Цяпер Ларыса піша лісты былым сукамерніцам (і сённяшнім палітзняволеным), а таксама ходзіць на суды, каб падтрымліваць іншых людзей. 

У працоўнай кніжцы жанчыны якіх толькі запісаў няма: і зборшчыца мікрасхем на «Інтэграле», і ліфцёр, і прадавец, і кладаўшчыца, і дворнік у дзіцячым садку, і маляр. Яна нават дапамагала нейкі час прадаваць «Народную волю». Апошнія тры гады жанчына працавала ў паштовым аддзяленні.

«Я не люблю сядзець у кабінетах, трэба рухацца. І каб на свежым паветры. Так што мне вельмі падабалася быць паштаркай. Было няпроста: участак у Лебядзіным вялікі. І хоць газет зараз асабліва няшмат выпісваюць — у асноўным усё, што пад прымусам («На страже», «СБ. Беларусь сегодня», «Настаўніцкая»), але заказных лістоў было шмат — па 60-100 на дзень. А паралельна з гэтым я прыбірала пад’езды».

Ларыса расказвае, што начальства не хацела яе звальняць: працоўных рук на ўчастках не хапае. Закінуць слоўца за Ларысу ў іх паштовае аддзяленне тэлефанавала нават яе следчая.

«Але пасля прыехалі з аддзела кадраў і настойліва папрасілі мяне напісаць заяву на звальненне. Відаць, была нейкая ўказка зверху», — разважае Ларыса. «Цяпер ў мяне засталіся толькі абавязкі прыбіральшчыцы. Я б магла адшукаць новую працу, але калі на тры месяцы арыштуюць, то які сэнс? Ды і дачка кажа: мама, ты столькі працавала, хоць цяпер адпачні. Тым больш, ужо летам — пенсійны ўзрост».

«Хацела, каб міліцыя выконвала свае працоўныя абавязкі, а не разганяла людзей ва ўласным двары»

Ларыса Танкашкур паходзіць з вёскі Гарадзец Рагачоўскага раёна. Яна гадавалася ў шматдзетнай сям’і сярод яшчэ пяці сясцёр і брата. Адна з сясцёр Ларысы — вядомая актывістка Галіна Лагацкая, якую не раз затрымлівалі на акцыях у 2020-м годзе і яшчэ раней — на маршах прадпрымальнікаў, «недармаедаў». 

Ларыса на судзе з сястрой Галінай. Фота Шуры Піліповіч-Сушчыц.

Ларыса ганарыцца сваёй актыўнай, неабыякавай сястрой, але на тое, каб апублікаваць адрасы былых і цяперашніх міліцыянераў, яе натхніла не яна, а падзеі жніўня і верасня.

«9 жніўня я прагаласавала за Ціханоўскую, папярэдне пастаяўшы з дачкой Веранікай у вялікай чарзе на ўчастак. Наведала бацьку, які яшчэ быў тады жывы. Пасля сустрэлася з сяброўкай на Прытыцкага выпіць кавы. Калі выходзіла з кавярні, то ўжо было страшна: АМАП у маім двары на Каменнай горцы ганяў моладзь. Інтэрнэту не было, я, як і многія, жыла ў нейкім інфармацыйным вакууме.

А 11-га паехала да дачкі: у яе быў дзень народзінаў. У метро еду і бачу, што хлопцы побач глядзяць нейкія жудасныя відэа — затрыманні, выбухі. Пытаюся ў іх, дзе гэта? А яны кажуць, што гэта ў нас, у Мінску. Яны мне «падключылі» тэлеграм-каналы. Я проста сваім вачам не верыла: у Беларусі можа быць такое? Бацькі нас ніколі не білі, я сама ні разу не падняла руку на дачку, для мяне любы гвалт непрымальны. Што б ні зрабіў чалавек, нават калі ён нешта парушыў, яго збіваць нельга. Судзіце па законе!

 Ларыса (злева) з братам і сёстрамі.

 Ларыса (злева) з братам і сёстрамі.

На маршы жанчына старалася хадзіць радзей, бо пра гэта прасіла дачка — перажывала, што ці яе, ці маці могуць адправіць за краты.

«Мая дачка Вераніка за перамены, але на мітынгі не хадзіла. Яна лічыць, што для дасягнення мэты трэба больш часу і што кожны робіць, што можа і на што ў ёсць рэсурсы».

Апошняй кропкай кіпення для Ларысы сталі падзеі ў Лебядзіным, калі супрацоўнікі міліцыі разагналі дваровую сустрэчу. Адной з дзяўчынак тады распылілі ў вочы газ.

«Я думала хоць неяк дапамагчы людзям. Напісала ў дваровы чат, прапанавала: можа, апублікаваць дадзеныя міліцыянераў, каб з імі маглі людзі пагутарыць? Не хацела, каб камусьці пагражалі, мэта была: каб міліцыя казала праўду і выконвала свае працоўныя абавязкі, а не прыязджала ў двары, каб усіх запакаваць-разагнаць-пасадзіць. Дзе дыялог? Пагаварыце з людзьмі! Калі мы ў нечым і не маем рацыю, патлумачце нам. У мяне такі характар: не магу цярпець несправядлівасць. І я ўсё адно неяк змагалася б з ёй, знайшла б іншы шлях, калі б не такі».

Ларыса кажа, яе пацешыла, што міліцыянеры ў якасці шкоды, нанесенай ім пасля публікацыі іх адрасоў, называлі тое, што з імі перасталі вітацца суседзі ці што ім у паштовыя скрыні кідалі раздрукаваны 128-ы артыкул Крымінальнага кодэкса (Злачынства супраць бяспекі чалавецтва). Сама Ларыса пасля затрымання сутыкнулася з куды большай шкодай: яе дзверы і паштовую скрыню распісалі абразамі: «Тут жыве стукач NEXTA, здрадніца, польская прастытутка».

«Мне чамусьці здаецца, што гэта міліцыянеры ці іх жонкі падаслалі кагосьці, каб так мне адпомсціць. Я адразу вырашыла не пісаць заяву ў міліцыю: не хочацца з імі лішні раз сутыкацца, ды і не шукалі б яны нікога».

Прывесці пад’езд у парадак Ларысе адразу дапамаглі суседзі: нават адшукалі фарбу тон у тон, каб перафарбаваць сцяну.

«Мяне ўвогуле тут падтрымліваюць. Пасля сутак я знайшла на сваіх дзвярах бел-чырвона-белыя сэрцы з паперы і запіску «Нас многа і мы пераможам». А не так даўно нехта ў суседнім доме зноў вывесіў бел-чырвона-белы сцяг — глядзела і любавалася з кухні. Вельмі ён прыгожы».

— Вы сказалі, што ніколі не галасавалі за Лукашэнку, і ён вам не падабаўся як прэзідэнт. І што такое ж меркаванне было ў вашых шматлікіх знаёмых. У вас ёсць нейкі адказ, чаму тады вы выйшлі на пратэсты толькі ў гэтым годзе?

— Наша пакаленне, мне здаецца, прызвычаілася выжываць. Мы ведалі, што не трэба спадзявацца на дзяржаву, круціліся самі. Выкараскваліся як маглі. Трэба — ішлі яшчэ на адну працу, ехалі ў Польшчу. А пасля… Праблема ў недахопе інфармацыі: апазіцыя, мне здаецца, рабіла мала ў гэтым кірунку. Не было шмат лістовак, сустрэч з народам. А па БТ ж усё было добра. Гэта цяпер ужо блогеры, інтэрнэт, моладзь данеслі праўду да старэйшага пакалення. І нешта ўзарвалася ў мазгах, пайшоў аналіз: пенсіі малыя, моладзь масава з’язджае…

 

«З вясны я павінна была працаваць у Францыі»

З сабой у арыштны дом, сярод іншага, Ларыса плануе ўзяць кніжку па французскай мове. У 56 год яна навучылася вадзіць машыну і пачала вывучаць замежную мову.

«Мой муж памёр, калі мне было 40: ён любіў выпіць, чаго катэгарычна нельга было рабіць з цукровым дыябетам. Дачцэ на той момант было 11. Пасля я яшчэ раз выйшла замуж, але мы разышліся… А неяк я зарэгістравалася на сайце знаёмстваў. Ні з кім сама не перапісвалася. Так толькі — пагартаю, мужыкоў пагляджу. І нечакана напісаў адзін француз. Я да яго лятала тры разы, разам у адпачынак ездзілі. І вось мінулай вясной ён паклікаў да яго працаваць разам. Малярамі. І я ўжо набыла квіткі на аўтобус, але яго развярнулі на мяжы: яе зачынілі перад самым носам праз каранавірус. Ну а пасля неяк усе ў свае справы сышлі, радзей мы сталі перапісвацца… Ды і ў краіне рэвалюцыю вунь была, не да ліставання», — расказвае Ларыса.

Ларыса на вяселлі.

Ларыса на вяселлі.

Жанчына кажа, што страшна ёй было толькі першыя дні пасля адбыцця 15 сутак, калі яна думала, што за ёй прыйдуць. А цяпер — не, бо яна не лічыць сябе злачынцам.

«Калі нехта думае, што арышт зробіць мяне цішэйшай па жыцці ці неяк паўплывае на маё меркаванне наконт падзей у краіне, то ён памыляецца. Веру, што дажыву да таго дня, калі нашы людзі будуць свабодныя. І крытыкаваць уладу можна будзе не толькі на кухнях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?