Іх паслабленне можа выклікаць пахаладанне клімату ў Еўропе і Амерыцы, паведаміла ў чацвер прэс-служба Патсдамскага Інстытута вывучэння клімату (PIK), піша ТАСС.

«Мы высветлілі, што кругазварот плыняў у Атлантыцы заставаўся стабільным да сярэдзіны XIX стагоддзя, калі завяршыўся малы Ледавіковы перыяд. З тых часоў ён пачаў слабець, тэмпы чаго паскорыліся ў сярэдзіне XX стагоддзя. Калі глабальнае пацяпленне працягнецца, сістэма Гальфстрыму аслабее яшчэ на 34-45% да канца стагоддзя, што можа выклікаць поўны прыпынак «канвеера плыняў», — заявіў прафесар Патсдамскага ўніверсітэта (Нямеччына) Штэфан Рамшторф, чые словы прыводзіць прэс-служба PIK.

Навукоўцы называюць «канвеерам» сістэму ўзаемазвязаных глыбінных плыняў, якія пераносяць ваду фактычна па ўсім Сусветным акіяне. Ён існуе дзякуючы таму, што ўзровень салёнасці і тэмпературы вады ў розных кутках Сусветнага акіяна прыкметна адрозніваецца, што прымушае велізарныя масы вады «падарожнічаць» ад экватара да канцавоссяў, пераносячы з сабой цяпло і энергію.

У прыватнасці, узровень салёнасці залежыць ад колькасці ападкаў і інтэнсіўнасці выпарэння, таму вада каля экватара і каля палюсоў утрымлівае менш солі, чым у тропіках і ва ўмераных шыротах. Больш прэсная і цяжкая вада астывае каля палюсоў, апускаецца на глыбіню і адпраўляецца назад да экватара, дзе награецца, «усплывае», пасля чаго круг замыкаецца.

У мінулым, як цяпер падазраюць кліматолагі, гэты кругазварот плыняў працаваў не так, як сёння, з чым можа быць звязана існаванне Ледавіковага перыяду, які пачаўся прыкладна 2,6 млн гадоў таму. На думку многіх даследчыкаў, у той час «канвеер плыняў» у Атлантыцы быў моцна аслаблены ці ўвогуле перастаў існаваць, што прывяло да замярзання палюсоў планеты і наступу леднікоў на ўмераныя шыроты.

Рамшторф і ягоныя калегі прасачылі за тым, як змяніўся стан Гальфстрыму і звязаных з ім плыняў з часоў падзення Рымскай імперыі, аб'яднаўшы звесткі папярэдніх кліматычных даследаванняў і вынікі раскопак, праведзеных еўрапейскімі кліматолагамі ля берагоў Грэнландыі, Ісландыі, Канады і Нямеччыны.

Узяўшы пробы ападкавых парод, якія фармаваліся на берагах гэтых рэгіёнаў Зямлі на працягу апошніх дзвюх тысяч гадоў, навукоўцы вымералі долі ізатопаў азоту, вугляроду і кіслароду ў іх розных пластах. Гэта дазволіла ім высветліць, пры якой тэмпературы і салёнасці вады фармаваліся дадзеныя праслойкі адкладаў, што, у сваю чаргу, дало прафесару Рамшторфу і яго калегам магчымасць рэканструяваць тое, як у той час выглядаў «канвеер плыняў».

Разлікі паказалі, што Гальфстрым і іншыя плыні ў Паўночнай Атлантыкі слабеюць ужо больш за 150 гадоў, што патэнцыйна звязана і з прыроднымі флуктуацыямі клімату, і з тым, як чалавецтва пачало ўплываць на тэмпературны рэжым Зямлі пасля пачатку эры індустрыялізацыі.

Ад 1960 года хуткасць руху плыняў стала змяншацца асабліва хутка, што навукоўцы на гэты раз звязваюць выключна з антрапагеннымі фактарамі. Калі гэтыя трэнды працягнуцца ў найбліжэйшыя 100 гадоў, то навукоўцы не выключаюць, што «канвеер плыняў» можа цалкам спыніцца, што радыкальна зменіць клімат планеты.

Яго спыненне, як адзначаюць кліматолагі, прывядзе не толькі да ўсталявання больш суровага зімовага клімату ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы, але і можа паскорыць рост узроўню мора ля берагоў ЗША і рэзка знізіць колькасць ападкаў падчас лета. Далейшыя назіранні за зменамі ў хуткасці руху плыняў дапамогуць зразумець, наколькі верагодная такая хада падзей, падсумавалі даследчыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0