Алена Янушкоўская, стваральніца відэаканала «Настоящая Беларусь», звярнулася да сваіх падпісчыкаў з Кіева:

— Са мной усё добра, але праз падвышаную ўвагу мне давялося пакінуць краіну. Гэта быў цяжкі выбар, але іншых шанцаў у мяне не было. Але я буду працягваць сваю дзейнасць у любым выпадку. Я ніколі не дарую тым, хто змусіў мяне пакінуць Радзіму, — паведаміла блогерка.

Першы відэаролік, які Алена Янушкоўская запісала ў замежжы, — гэта інтэрв’ю з уцякачкай з Беларусі, колішняй жыхаркай Пастаўшчыны Ганнай Федаронак.

55-гадовую відэаблогерку Алену Янушкоўскую неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі за яе стрымы з важных грамадска-палітычных падзей у Віцебску і ў Мінску. Арышты даводзілася адбываць, нягледзячы на істотныя праблемы са здароўем: жанчына пакутуе на астму, мае інваліднасць, і гэта замінала ёй знайсці працу ў Беларусі. Грошы на штрафы блогерцы збірала грамадскасць.

Апошнім часам на яе пачалі ціснуць і праз сям’ю: дачку Юлію неаднаразова штрафавалі за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе дзвюх непаўналетніх дачок. Цяпер Юлія Уласенка разам з дзецьмі таксама знаходзіцца ў Кіеве. Але ў Беларусі засталася прыёмная дачка Алены Янушкоўскай, яна адзінокая маці і цяпер чакае другое дзіця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0