Участковы Заводскага РУУС Алег Ганестаў склаў на Васільеву два пратаколы: па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Але суддзя Кацярына Мурашка вырашыла вярнуць пратакол за непадпарадкаванне на дапрацоўку, а па арт. 23.34 КаАП пенсіянерка атрымала штраф 50 базавых (1450 рублёў).

Раісе Алецкай ў судзе нават не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. З яе слоў, з Акрэсціна яе выпусцілі па падпісцы аб яўцы ў РУУС, адкуль 2 сакавіка яе адправілі ў суд. Перад пачаткам судовага працэсу з'явіўся супрацоўнік міліцыі з пастановай на затрыманне, якую сакратарка павінна была выдаць яму толькі пасля працэсу. У выніку, суддзя Анастасія Асіпчык пастанавіла арыштаваць Алецкую на 15 сутак у зале суда.

Сёння ў судзе над Аленай Лебядзінскай суддзя Асіпчык выдаліла з абвінавачвання БЧБ-вопратку, таму што ў пратаколе вопісу рэчаў было пазначанае адзенне «дазволенага» колеру. Але жанчыну ад максімальнага штрафу не выратавала і тое, што яна даглядае 90-гадовую маці. Суддзя аштрафавала Лебядзінскую на 870 рублёў (30 базавых).

У акцыі ўдзельнічала і 49-гадовая Іна Жаковіч. На судзе быў апытаны сведка-міліцыянт, па словах якога, ён знаходзіўся ў адным вагоне з удзельніцамі і назіраў, як яны «пікетавалі». На яго форменнай вопратцы былі заклееныя надпісы, якія перад затрыманнем адкрыў, каб быў бачны надпіс «міліцыя».

Суддзя Мурашка нават праглядала тг-канал «Пенсіянеры 97%», каб знайсці відэа з удзелам у акцыі. Аднак адвакат заявіў, што суд узяў на сябе неналежныя функцыі: здабывае доказы, якіх няма ў справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0