Фота Depositphotos.com
Эфектыўнасць — гэта вымярэнне таго, наколькі вакцына зніжае рызыку заражэння. Напрыклад, стваральнікі вакцыны Johnson & Johnson, якую зарэгістравалі на мінулым тыдні, назіралі, колькі вакцынаваных людзей заразіліся каранавірусам. Затым яны параўналі гэтыя звесткі з колькасцю інфікаваных, якія атрымалі плацэба.
Гэту розніцу лічаць у адсотках. Калі адсотак роўны нулю, то гэта значыць, што вакцынаваныя людзі падвяргаюцца такой жа рызыцы як і тыя, хто атрымаў плацэба. Сто адсоткаў значыць, што вакцына цалкам знішчае рызыку захворвання.
Такім чынам амерыканская кампанія Johnson & Johnson выявіла, што эфектыўнасць іх вакцыны складае 72%.
Вядома, што вынікі эфектыўнасці залежаць ад месца даследавання. Johnson & Johnson праводзіла выпрабаванні ў ЗША, Лацінскай Амерыцы і Паўднёвай Афрыцы. Эфектыўнасць у ЗША была найвышэйшай.
У Паўднёвай Афрыцы новы штам каранавіруса зніжае эфектыўнасць вакцыны, бо гэты варыянт можа ўхіляцца ад некаторых антыцел, што выпрацоўвае вакцына Johnson & Johnson. Аднак паўднёваафрыканскі штам не робіць вакцыну бескарыснай: эфектыўнасць Johnson & Johnson у Паўднёвай Афрыцы склала 64%, піша The New York Times.
Эфектыўнасць таксама можа змяняцца ў залежнасці ад цяжкасці інфекцыі. Напрыклад, Johnson & Johnson паказала, што мае 85-адсоткавую эфектыўнасць супраць цяжкіх выпадкаў кавіду. Гэта значыць, што вакцына зменшыць колькасць шпіталізацый і смерцяў.
Таму калі навукоўцы называюць эфектыўнасць вакцыны, варта мець на ўвазе, што гэта не можа быць дакладнай ацэнкай, бо выпрабаванні ажыццяўляюцца на абмежаванай колькасці людзей.





