На запісе чуваць, як настаўніца звяртаецца да аднаго са школьнікаў:
— Ведаеш, за такія выказванні цябе можна паставіць на ўнутрышкольны ўлік… Мы табе патлумачым на класнай гадзіне, што такое БРСМ, што ты жывеш у нашай дзяржаве! Ты супраць нашай дзяржавы?
— Чаму я супраць? — чуецца на заднім фоне голас хлопца.
Не збаўляючы тон, настаўнік дадае:
— Тады я не разумею… Я табе растлумачу на класнай гадзіне, да таго часу, пакуль ты не зразумееш… Нават тое, як ты сябе паводзіш…
Абрываючы фразу на паўслове, педагог прамаўляе «алё», мабыць, пераключаючыся на тэлефонны званок, і тлумачыць суразмоўцу: «Я пытаюся, чаму яна не хоча ўступаць у… [неразборліва]».
Каб праясніць сітуацыю, патэлефанавалі ў школу, у якой, як мяркуецца, быў зроблены запіс. Намесніца дырэктара ад каментароў адмовілася, дырэктарка не падняла трубку. Патэлефанавалі ў Цэнтральны камітэт БРСМ з пытаннем: як тут ставяцца да падобнай матывацыі вучняў? Журналістам адказалі, што не падтрымліваюць ціск з боку школы.





