Гэтая гісторыя цягнецца з 26 жніўня 2014 года, калі БАТЭ прымаў дома «Слован» з Браціславы. У сярэдзіне першага тайма мужчыну вывелі з трыбуны міліцыянты і пратрымалі амаль да канца матча ў «апорцы» стадыёна. Падставай для такіх дзеянняў праваахоўнікаў паслужыў шалік з выявай гістарычнага герба «Пагоня», які быў на шыі ў заўзятара. Прынамсі, менавіта такую прычыну, па словах Сяргея Бахуна, агучыў Вячаслаў Паўлавец, у той час яшчэ маёр, які правёў «прафілактычную» гутарку з затрыманым.

«Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну — маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку «Пагоня», гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паўпіраліся трохі з ім. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку — у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца», — распавёў тады пра свае прыгоды Сяргей Бахун.

На гэтым гісторыя Сяргея не скончылася. Бахун спачатку напісаў скаргу на дзеянні маёра Паўлаўца кіраўніку Барысаўскага РАУС і ў пракуратуру Барысаўскага раёна. Там адазалі, што правялі праверку, але парушэнняў не выявілі. Тады Бахун звярнуўся са скаргамі ў пракуратуру Мінскай вобласці і начальніку УУС Мінаблвыканкама, але безвынікова. Таксама ніякіх вынікаў не далі звароты Сяргея ва Упраўленне ўнутраных спраў Мінскай вобласці, начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў па Мінскай вобласці. Футбольны заўзятар нават судзіўся з міліцыянтамі ў 2016 годзе ў судзе Барысаўскага раёна. Сяргей звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць дзеянні супрацоўніка міліцыі незаконнымі, але яму адмовілі, а дзеянні міліцыі прызналі правільнымі. Бахун абскарджваў рашэнне суда першай інстанцыі ў Мінскім абласным судзе, старшыні Мінскага абласнога суда і ў Вярхоўным судзе, але таксама безвынікова. Цяпер мужчына хоча дабіцца справядлівасці праз Камітэт ААН.

Сяргей Бахун просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак дзяржавы Рэспублікі Беларусь даць яму эфектыўны сродак прававой абароны супраць гэтых парушэнняў, уключаючы выплату належнай кампенсацыі і юрыдычных выдаткаў, якія ён панёс у абароне сваіх правоў на нацыянальным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0