Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Скептыцызм расіян датычна вакцыны Sputnik V перш за ўсё абумоўлены агульным недаверам да ўлады і захуткай распрацоўкай прышчэпкі, піша The Wall Street Journal.

Хоць вакцына бясплатная ў Расіі, толькі 3,5% расіян прышчапіліся. Для параўнання: у ЗША вакцынавалі ўжо 17,1% насельніцтва, а ў Вялікабрытаніі — 32,1%, згодна са звесткамі Our World in Data, праекта Оксфардскага ўніверсітэта, які адсочвае тэмпы вакцынацыі ва ўсім свеце.

Апошнія апытанні расіян паказалі, што менш за трэць гатовыя згадзіцца на вакцынацыю Sputnik V.

Недавер да расійскай вакцыны выкліканы яе хуткай распрацоўкай, а таксама шырока распаўсюджаным недаверам да ўрада, які ўзнік яшчэ ў савецкім мінулым і характэрны для многіх краін з аўтарытарным рэжымам і несвабоднымі СМІ. Людзі настолькі звыклі, што іх падманваюць, што нават калі дзяржаўныя СМІ кажуць праўду, ёй перастаюць верыць.

«Мы ішлі нароўні з іншымі краінамі ў распрацоўцы вакцыны, аднак цяпер адстаём у яе прымяненні. Ёсць вялікая рызыка, што гэта расцягне пандэмію ў Расіі», — наракае Антон Гопка, дэкан факультэта тэхналагічнага менеджменту і інавацый Універсітэта ІТМО.

Чытайце таксама: А получилось как всегда? Расія адстае ад Захаду ў вытворчасці вакцын ад кавіду, Беларусь мучыцца заадно

Каб паскорыць вакцынацыю, расійскі ўрад адмовіўся ад тактыкі «прыярытэтных груп вакцынацыі», якую выкарыстоўвае, напрыклад, Нямеччына, і прышчэпка са студзеня даступная ўсім. Цэнтры вакцынацыі стварылі ў фуд-кортах, оперных тэатрах і гандлёвых цэнтрах, а некаторыя молы прапаноўвалі бясплатнае марозіва за прышчэпку.

«Дэфіцыту вакцыны няма, аднак нельга сказаць, што людзі спяшаюцца прышчапіцца», — адзначыў нядаўна Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта. Чыноўнікі спадзяюцца, што попыт на вакцыну будзе расці па меры таго, як больш расіян даведаюцца пра перавагі вакцыны Sputnik V.

Уладзімір Пуцін рэгулярна расхвальвае расійскую вакцыну на тэлебачанні і ў размовах з замежнымі лідарамі, але сам яшчэ не прышчапляўся. У Крамлі заявілі, што прэзідэнт збіраецца вакцынавацца ў канцы лета або на пачатку восені пасля кансультацыі з доктарам.

Ëсць цяжкасці таксама з лагістыкай, 9 з 85 рэгіёнаў яшчэ не пачалі вакцынацыі.

У той жа час за мяжой Расія моцна рэкламуе сваю вакцыну і нават стварыла асобны акаўнт у Twitter для Sputnik V. Больш за тое, па высновах амерыканскіх чыноўнікаў, расійскія спецслужбы імкнуцца падарваць давер да замежных вакцын шляхам анлайн-публікацый, дзе выказваецца сумненне наконт бяспекі заходніх вакцын.

Агулам больш за 40 краін адобрылі Sputnik V, сярод іх краіны Еўрасаюза Славакія і Венгрыя.

Аднак саміх расіян гэта не пераконвае. Сацыялагічны цэнтр Levada Center на гэтым тыдні апублікаваў вынікі апытання, згодна з якім толькі 30% расіян гатовыя прышчапіцца (у снежні жадаючых было 38%). Многія спасылаюцца на магчымыя пабочныя эфекты, а таксама маюць сумненні ў дакладнасці клінічных выпрабаванняў расійскай вакцыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0