Юрый Дрэк

Юрый Дрэк

На Юрыя, які працуе ў адной зь лягістычных кампаній, завялі справу па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»), паведамляе «Радыё Свабода».

Дзяржабвінаваўца запрасiў для яго 1 год «хiмii» з накіраваньнем ў папраўчую ўстанову. Вырак будзе агучаны 11 сакавіка.

Пацярпелымі па справе праходзяць шэсьць супрацоўнікаў выдавецкага дома «Беларусь сегодня», што зьяўляецца ўстановай Адміністрацыі прэзыдэнта, — Міхаіл Лябедзік (першы намесьнік дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сегодня»), журналісты Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзьмітры Крат, Раман Рудзь і кіраўнік упраўленьня матэрыяльнага забесьпячэньня.

Паводле адваката абвінавачанага, як пацярпелі гэтыя людзі, пакуль незразумела.

Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Воўк. На працэс ня трапілі каля дзесяці сяброў Юрыя, бо ў залі не хапіла месцаў: запусьцілі толькі шасьцёх пацярпелых і чатырох сваякоў.

«Яго затрыманьне было зроблена вераломна»

Паводле жонкі падсуднага Любові, супрацоўнікі газэты «СБ. Беларусь сегодня» палічылі сябе зьняважанымі, хоць плот, на якім быў зроблены надпіс, належыць будтрэсту. Яна кажа, што сплаціла будтрэсту матэрыяльную шкоду — 2,5 рубля. А таксама 50 рублёў газэце — за тое, што яе супрацоўнікі набылі балёнчык шэрай фарбы і самі зафарбавалі надпіс.

«Я лічу, што іх ніхто не прасіў гэта рабіць. Калі ён ужо быў, то няхай бы і заставаўся. Але нават дзьвюх гадзін не прайшло, як яны ўсё замазалі», — сказала Любоў.

Абвінавачаньне яна лічыць абсурдным.

«Тут няма крымінальнай справы, — кажа Любоў. — Тое, што адбываецца, для мяне гэта прававы дэфолт. Ён прызнаў віну, але наступствы несувымерныя. Бо за надпіс на плоце ніколі не даецца крымінальны артыкул. Абсурд у нашай краіне і ў галовах».

Надпіс Юрый зрабіў 23 верасьня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Любові, плот знаходзіцца каля офіса на вуліцы Хмяльніцкага 10, дзе працуе Юры.

«Ганак офіса выходзіць адразу на гэты плот. Там мінакі пастаянна раскідаюць бутэлькі, вырываюць кветкі, пішуць графіці. На гэтым плоце заўсёды ёсьць нейкія надпісы. Цяпер усё таксама расьпісана, — кажа жонка Юрыя. — У выдавецкага дома — суседні будынак, па адрасе Хмяльніцкага, 10а («Дом прэсы»). Гэта надпіс не кранае іх будынка і ня бачны ім. Але чамусьці яны прынялі яго ў свой адрас, абразіліся».

Юрыя Дрэка затрымалі 12 студзеня. У гэты ж дзень зрабілі ператрусы на кватэры, потым у офісе і на кватэры бацькі ў Горадні.

«Яго затрыманьне было зроблена вераломна. Мужа выманілі з кватэры ў адной піжаме, чакалі ля пад’езда і затрымалі. Патэлефанавалі, каб прыбраў свой аўтамабіль, які перашкаджае праезду сьмецьцявоза. Муж выйшаў, і яго затрымалі. У гэты дзень было шмат затрыманых, нейкая аблава».

У аўтамабілі знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг і нумар газэты «Народная Воля».

«Сьледчая вельмі ўзрадавалася, калі знайшла гэтую газэту, сфатаграфавала і перапісала назвы ўсіх артыкулаў у нумары. У справе гэта ідзе як рэчавы доказ. І ў справе няма адказу, як адносіцца гэты сьцяг, газэта, фатаздымкі зь мітынгаў да хуліганства», — сказала Любоў.

Спачатку Юрыя зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна, а потым перавялі ў Жодзіна.

«Надпіс зроблены ў цяжкія дні»

Паводле Тацяны, якой удалося трапіць на працэс, пацярпелыя з газэты «СБ. Беларусь сегодня» казалі ў судзе, што яны спалохаліся гэтага надпісу і ўспрынялі яго як пагрозу на свой адрас.

«Напрыклад, Гладкая казала, што за яе пазыцыю ёй нібыта пагражалі, калегу падпалілі машыну, тэлефанавалі, пісалі, іх зьвесткі трапілі ў тэлеграм-каналы. А Мукавозчыку абмалявалі дом, а калі ён убачыў гэты надпіс на плоце вечарам, калі ішоў з працы, то ў яго падкасіліся ногі», — кажа Тацяна.

Матэрыяльных прэтэнзій да Юрыя яны не заявілі, але некаторыя казалі, каб абвінавачанага пакаралі строга.

Юры сказаў у судзе, што надпіс быў зроблены ў цяжкія дні. Ён сказаў, што на ганку яго офіса невядомыя ядуць, п’юць піва, пакідаюць кубачкі, недакуркі і сьмецьце. Ён рабіў заўвагу гэтым людзям і ў той дзень. А ўвечары выйшаў і зноў убачыў сьмецьце. Дастаў з аўто балёнчык з фарбай (фарбаваў ім на лецішчы лаўку) і зрабіў надпіс насупраць ганку офіса. Потым вярнуўся, хацеў нешта зафарбаваць, але ў балёнчыку скончылася фарба.

«Насамрэч газэту «СБ. Беларусь сегодня» ніхто не чытае і ніхто не хацеў нешта адрасаваць гэтай газэце, бо яны ня маюць ніякай вагі, — кажа Тацяна, — Там на плоце цяпер ужо пару месяцаў знаходзіцца выява чэлеса і надпіс «Згалі вусы», і гэта нікога не бянтэжыць».

«Столькі людзей арыштавалі ні за што»

Бацька пацярпелага жыве ў Горадні. Ён сказаў, што не разумее, чаму судзяць сына за надпіс на плоце.

«Знайшлі праблему, ня бачу праблемы. Да мяне ў кватэру ўварваліся сьледчыя з вобшукам, перавярнулі ўсё на сьвеце, напужалі мяне. Яны там нічога не знайшлі, апроч дзіцячых алоўкаў, — кажа бацька. — Столькі людзей арыштавалі ні за што. Лукашэнка ж ня вечны чалавек, у яго тры сыны. Гэта можа вярнуцца бумэрангам. Турмы перапоўненыя, за гэта павінна быць сорамна прэзыдэнту», — кажа бацька абвінавачанага Юрыя Дрэка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0