Брэст, 10 жніўня. Фота БелТА

Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калоніі. Семярых абвінавачаных адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму: Аляксандра Драздова, Іллю Мігно, Цімура Рызапура — на чатыры з паловай гады, Сяргея Салоху, Ягора і Віталя Пракапчукоў — на 4 гады, Сяргея Крыўчэню — на тры з паловай.

Дзясятай абвінавачанай, 18-гадовай Віталіі Бандарэнка, пакаранне не прызначалі. Судовую вытворчасць у дачыненні да яе прыпынілі, бо дзяўчына з'ехала за мяжу. Віталію затрымалі ў канцы лютага, калі яна вярталася ў Беларусь.

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і касманаўтаў, праспекце Машэрава — абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак і ўчынілі пагромы. Пасля чаго нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якая належала міліцыі і цывільным.

Пацярпелымі прызналі 29 чалавек. З іх у зале прысутнічала сямёра. Адзін на пасяджэнне не з'явіўся па ўважлівай прычыне: з'ехаў на вучобу. Астатнія знаходзіліся ў асобным пакоі, на пытанні адказвалі змененымі галасамі.

У выніку беспарадкаў адзін супрацоўнік міліцыі атрымаў лёгкае цялеснае пашкоджанне: дзве раны ў вобласці першага пальца правай кісці. Яшчэ 25 чалавек, па версіі следства, атрымалі «пабоі». Таксама, па версіі дзяржабвінаваўцы, абвінавачаныя, «аб'яднаныя адзіным злачынным намерам», спрабавалі «прымяніць гвалт», «прычыніць цялесныя пашкоджанні» і «нанесці пабоі» яшчэ двум супрацоўнікам.

Акрамя таго, пашкоджаны міліцэйскі і грамадзянскі транспарт: легкавы УАЗ, аўтобус МАЗ, аўтазак, некалькі мікрааўтобусаў Ford і ГАЗ.

Агульная сума прычыненай шкоды, на думку следства, больш за 27 тысяч рублёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру