Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Аналіз электронных медыцынскіх картак у Каліфорніі выявіў, што 32% не мелі сімптомаў на пачатку інфекцыі, але наступствы заражэння ў некаторых з іх праяўляліся праз некалькі тыдняў або месяцаў, паведамляе The New York Times.

Даследчыкі прааналізавалі медыцынскія карткі 1407 чалавек, якія не мелі патрэбы ў шпіталізацыі, калі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. 27% з іх адчувалі наступствы кавіду праз 60 дзён пасля заражэння.

Навукоўцы выявілі, што ў трэці пацыентаў з доўгатэрміновымі посткавіднымі наступствамі ўвогуле не было сімптомаў на пачатку інфекцыі. Пацыенты адчувалі сябе цалкам здаровымі на працягу як мінімум 10 дзён пасля таго, як атрымалі станоўчы тэст.

Вывучэнне доўгатэрміновых наступстваў кавіду становіцца ўсё больш прыярытэтным для дактароў, бо шмат людзей паведамляюць пра зацяжныя сімптомы каранавіруса, якія перашкаджаюць ім вярнуцца да нармальнага жыцця.

Доўгатэрміновыя сімптомы закранаюць усе ўзроставыя групы, у тым ліку дзяцей. Навукоўцы прааналізавалі медыцынскія запісы 34 дзяцей — 11 з іх мелі сімптомы зацяжнога кавіду.

Даследчыкі вылучылі посткавідныя сімптомы, якія сустракаюцца найчасцей. Сярод іх боль у грудзях, дыхавіца, кашаль, боль у жываце і галаўны боль.

Гэта даследаванне зацяжнога кавіду адрозніваецца ад папярэдніх тым, што навукоўцы вывучалі доўгатэрміновыя сімптомы тых пацыентаў, якім не патрэбна была шпіталізацыя на пачатку інфекцыі. Аднак якраз такія пацыенты ўсё часцей звяртаюцца па дапамогу дактароў ужо пасля перанесенага каранавіруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0