Суддзя Вікторыя Шабуня адправіла Алега Зубрыцкага на 3 гады абмежавання волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — на «хімію». Такое пакараньне і прасіў дзяржабвінаваўца Арцём Цьвяткоў.

Вырак вынесьлі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Алега Зубрыцкага перасьледавалі за SMS-паведамленьне з пагрозамі, якое ён нібыта даслаў 14 жніўня на адрас жонкі амапаўца Ганны Навумчык. Ёй абвінавачаны мусіць выплаціць маральную кампэнсацыю ў 2500 рублёў. Абарона мужчыны заявіла пра абсалютную адсутнасьць нейкіх доказаў.

Сьпярша крымінальная справа будавалася на паведамленьні з пагрозамі, дасланым праз Viber 12 жніўня 2020 года. Але пасьля таго, як Зубрыцкі даказаў, што ягоны нумар не зарэгістраваны ў Viber, абвінавачаньне зьмянілі: яму паставілі ў віну адпраўку ўжо SMS-паведамленьня, датаванага 14 жніўня.

Падчас судовага працэсу абарона Зубрыцкага зьвяртала ўвагу і на факт існаваньня рапарту ад 13 жніўня, калі яго вінавацілі за SMS ад 12 жніўня. Судзьдзя Шабуня гэтую і іншыя неадпаведнасьці ў пратаколах пакінула без увагі.

Разабрацца ў сапраўднасьці дастаўкі SMS-паведамленьня, якое фігуруе на скрыншоце з матэрыялаў справы, дапамагла б экспэртыза мабільнага тэлефона Навумчык. Аднак тэлефон ніхто для экспэртызы ня браў, а сама пацярпелая 4 сакавіка заявіла, што «неспадзявана яго разьбіла». Яна аднесла яго да майстра, а той «прадаў на запчасткі».

Гэты адзіны каштоўны рэчавы доказ, як адзначыла абарона, мог бы высьветліць усё, але чамусьці быў згублены. Суд на гэта ўвагі таксама не зьвярнуў. Тэлефон жа Зубрыцкага на экспэртызу аддавалі, але ніякага паведамленьня на ім ня выявілі. Яго, тым ня менш, Шабуня пастанавіла канфіскаваць.

Жонка амапаўца Ганна Навумчык спачатку падала пазоў да Зубрыцкага аб «маральнай кампэнсацыі» памерам 2500 рублёў. Яна «адчула шок, стрэс, выдаткавала вялікія сумы на лекі. Таксама спрабавала зацяжарыць — не атрымліваецца».

Аднак падчас судовых спрэчак 9 сакавіка пацярпелая раптам адмовілася ад пазову. Тады судзьдзя Шабуня прапанавала «параіцца» і зрабіла перапынак на некалькі хвілін, пасьля чаго Навумчык заявіла, што пазоў усё ж у сіле.

У апошнім слове Алег Зубрыцкі пацьвердзіў, што не пісаў жонцы амапаўца ні праз Viber, ні праз SMS. Заявіў, што ня мае ніякай «палітычнай варожасьці». Свой прысуд ён плянуе абскардзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0