Фота Алеся Пілецкага, Tut.by

Фота Алеся Пілецкага, Tut.by

«У пачатку першай хвалі каранавіруса ў сакавіку 2020 года ў маёй Віцебскай БХМД у тэрміновым парадку мантавалі кіслародныя пункты ў тэрапеўтычным корпусе, выдзеленым для лячэння каранавірусных пацыентаў. Было змантавана больш за 100 пунктаў без уліку аддзялення рэанімацыі. Мы прайшлі першую хвалю без якіх-небудзь нараканняў да сістэмы падачы кіслароду.

З пачаткам другой хвалі нешта здарылася з сістэмай падачы кіслароду. Увосень 2020 года мы страцілі шмат пунктаў, якія раней працавалі бездакорна. Мы пазбавіліся магчымасці падключаць апарат штучнай вентыляцыі ў акушэрскім корпусе — гэта значыць там, дзе да гэтага (яшчэ ў кастрычніку) выратавалі маладую жанчыну пасля кесарава сячэння. Магчымасці пашырэння аддзялення рэанімацыі аказаліся абмежаваныя.

Сказаць, што адміністрацыя БХМД нічога не рабіла — няпраўда. Двойчы спецыялісты з Мінска мянялі сістэму пераключэння кіслародных балонаў (кожны раз гэта была вайсковая аперацыя), тэма гучала, праблему спрабавалі вырашыць…

І ўсё адно здарылася катастрофа 7-8 студзеня.

І да гэтага перабоі з падачай кіслароду час ад часу прыводзілі да сумных наступстваў. Але ў тыя дні адбыўся маштабны збой. Гэта надзвычайнае здарэнне «замялі». Мой зварот да міністра Піневіча меў следствам маё звальненне. Дасланая камісія Міністэрства аховы здароўя не вывучала падзеі, якія адбыліся: яна правярала, ці правільна мы лечым кавідных пацыентаў.

Перабоі з падачай кіслароду перыядычна здараюцца і цяпер.

Для пацыентаў з крайняй ступенню залежнасці ад кіслароду нават невялікі перабой цяжка перанесці. А ўжо 20 хвілін!

Чаго варта было б — заняцца праблемай кантролю за сістэмай падачы кіслароду ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі? У любым халадзільніку з медыкаментамі ляжыць градуснік, медсёстры вядуць часопіс кантролю тэмпературнага рэжыму халадзільніка.

Між тым пацыенты застаюцца ў закладніках непрафесійных менеджараў. Чарговы збой можа здарыцца ў любы дзень. Падача кіслароду не залежыць ад таго, ці загадчык аддзялення рэанімацыі апазіцыянер або не. Палітызацыя пытання — гэта пра што?» — звяртаецца доктар Уладзімір Мартаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0