Фота з сацыяльных сетак

Віталія — адзіная дачка ў сям’і. Маці — раскройшчыца, бацька ездзіў на заробкі ў Расію. Пяць год таму падчас адной з такіх камандзіровак яго не стала. Што за мутная гісторыя здарылася, сваякам так да канца і не вядома: справу хутчэй закрылі, каб не вісела.

У сельскагаспадарчы каледж у Высокім (Камянецкі раён) Віта паступіла на падвойную спецыяльнасць — кухар і касір. Маці Наталля тлумачыць, што ў брэсцкіх каледжах давялося б абіраць адну прафесію для навучання, а дачка вагалася, таму паехала ў суседні горад. У жніўні яна атрымала дыплом і ўладкавалася прадаўцом у брэсцкую кавярню. Праўда, працавала там нядоўга — праз пандэмію кліентаў стала мала, і кавярня закрылася.

З Дзянісам, які быў на курс меншы, Віта пазнаёмілася ў каледжы. Той вучыўся на трактарыста, зваршчыка і кіроўцу катэгорыі С. У Высокім апынуўся, калі не хапіла балаў на будаўнічы ліцэй у Брэсце.

Дзяніс захапляўся футболам, наведваў трэнажорную залу. Невысокі, але дужы, мускулісты хлопец. У бойку першым не лез — спакойны па характары.

«Прыемны чалавек, пазітыўны. Падчас вучобы ў школе да яго не было пытанняў, вёў сябе ўзорна, нікога не чапаў», — згадваюць знаёмыя.

У чэрвені падлеткі пачалі сустракацца. Дзяўчына падарыла любаму тэлефон.

«Віта расказвала, што ў яе вялікае каханне. Паказала аднойчы фота: «Мама, як табе гэты хлопчык?» Ну сімпатычны, кажу, але ж ён маленькі. «Мама, нічога ты не разумееш», — з усмешкай распавядае маці Віталіі пра тое завочнае знаёмства. — Пасля яны былі ў нас дома разы два, заходзілі на гарбату. Забягалі літаральна на 20 хвілін: «Мама, мы галодныя». Сядзелі на кухні, а я сыходзіла ў іншы пакой, каб не бянтэжыць».

10 жніўня падлеткі былі разам у горадзе. А ў канцы жніўня Віту затрымалі на працы ў кафэ і павезлі ў ІЧУ. Праз двое сутак быў суд па адміністрацыйнай справе, уляпілі штраф. Але ў ізалятары дзяўчыну пакінулі яшчэ на суткі — каб паведаміць, што на яе завялі крыміналку. Частка 2 артыкула 293 — удзел у масавых беспарадках, за які пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

«Спачатку я яе адчытала, што яна, дзяўчынка, улезла ў гэты натоўп. Але цяпер, канечне, падтрымліваю дачку, перажываю за яе. Віта вельмі засмучаная была гэтыя месяцы, яна лічыць абвінавачанне несправядлівым, дагэтуль не верыць у афіцыйныя вынікі выбараў», — дзеліцца маці.

І Віталія, і Дзяніс да суда не былі пад вартай. Бачыліся па выходных, бо ў будныя дні хлопец ездзіў у каледж. Выкладчыкі пра патэнцыйную крыміналку на яго ведалі, ставіліся з паразуменнем.

«Сам Дзяніс суда не баяўся, казаў, яму ўсё роўна. Жыў, як і раней», — кажуць аднакурснікі.

У канцы студзеня да пачатку суда Віта з’ехала за мяжу. Маме свае планы не раскрывала.

«У адзін дзень сабралася і сышла. Джынсы, майку кінула ў заплечнік — я падумала, яна збіраецца да сяброўкі. «Мама, я сядзець не буду», — сказала толькі. 

У канцы лютага яна вярнулася на пару дзён. Зняла жыллё насупраць нашага дома, каб паглядзець на мяне — а я нават не ведала. Засумавала па сям’і і па сваім хлопцы, і вось зрабіла глупства», — уздыхае Наталля.

Сябры падлеткаў таксама кажуць, што прычынай яе вяртання стала каханне.

«Калі даведалася, што Дзянісу пагражае некалькі гадоў калоніі, яна сказала: я прыеду, правяду цябе і дачакаюся».

Віталію затрымалі 1 сакавіка. 10 сакавіка асудзілі Дзяніса — тры гады выхаваўчай калоніі. 

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста ён і іншыя абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак і ўчынілі пагромы. Пасля чаго нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя «наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якая належала міліцыі і цывільным».

«Гэта была вельмі нечаканая навіна для нашага класа. Мы з цяжкасцю паверылі ў тое, што адбылося», — аднакласнікі хлопца шакаваныя прысудам.

Віталію, верагодна, будуць судзіць з іншай партыяй берасцейцаў, заўважаных на пратэстах, — суд там разглядае лёсы людзей пачкамі. Вырашэння свайго дзяўчына чакае ў СІЗА №7.

«Пісала, што нашых лістоў не атрымлівае. Але падбадзёрвае нас больш, чым мы яе. «Не плачце, не засмучайцеся, усё будзе добра», — згадвае словы дачкі мама.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру