Марына і Вячка Касінеравы

«Раней мы заўсёды дапамагалі асуджаным асабіста: пераводзілі грошы «на атаварку», збіралі перадачы, ездзілі да сем’яў. Часцей за ўсё, гэта былі нашыя знаёмыя, сябры ці паплечнікі па руху.

Але часам людзі заставаліся амаль зусім без дапамогі, асабліва калі чалавека не хацелі прызнаваць палітычным зняволеным. — расказваюць Касінеравы. — Мы вырашылі самі гэтым займацца ўжо больш сістэматычна. 

Як працуе платформа dissidentby.com? Усё проста: на сайце існуе спіс палітвязняў. Хтосьці з іх чакае суда, хтосьці ўжо асуджаны. Некаторыя асобы вельмі вядомыя (Аўтуховіч, Пальчыс, Бабарыка), некаторыя прайшлі па-за ўвагай СМІ. Калі ёсць інфармацыя, то пазначаныя дата нараджэння чалавека, адрас для ліставання. Можна даслаць зняволенаму ліст ці паштоўку альбо «стаць захавальнікам»: гэта значыць, дапамагаць камусьці з вязняў рэгулярна. Палітвязні, якія ўжо маюць «захвальнікаў», пазначаныя адмыслова — каля прозвішча гарыць значок з рукамі ў форме сардэчка.

«Калі чалавек гатовы стаць «захвальнікам», мы спрабуем звязаць яго напрамкі са сваякамі таго вязня, якому ён вырашыў дапамагаць. І пасля яны ўжо на кантакце адно з адным, без нашага ўдзелу», — тлумачаць Касінеравы. 

Таксама можна дапамагчы грашыма самому зняволенаму ці яго сям’і. Для гэтага можна пералічыць грошы вязню «на атаварку», рэквізіты рахункаў СІЗА пазначаныя на сайце. Для дапамогі сям’і палітвязня можна перавесці грошы канкрэтна на картку яго сваякоў.

Скрыншот dissidentby.com

У базе «Дысідэнта» 465 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Гэта больш, чым у той жа «Вясны», паводле падлікаў якой статус палітвязня маюць 290 чалавек.

«Чамусьці ў многіх выпадках, калі ў справе фігуруюць гвалтоўныя дзеянні, нават калі чалавек абараняў сябе, то яго не хочуць прызнаваць палітвязнем нашыя праваабаронцы, — кажуць Касінеравы. — Часам да нас звяртаюцца сваякі людзей, якія не разумеюць, чаму ім адмаўляюць у дапамозе. Напрыклад, нядаўна ж асудзілі некалькі чалавек на тэрміны ад 2 да 6 гадоў. Іх затрымалі за пашкоджанне машыны жонкі міліцыянта. Але пасля затрымання моцна збівалі, залівалі вочы з балона… Катавалі».

«Дысідэнт» дапамагае пералічваць грошы і такім вязням.

«З фондаў стасуемся хіба толькі з «Байсолам»: мы змаглі іх пераканаць, што хапае людзей, якіх не прызналі палітвязнямі, але якім трэба дапамога. Цяпер часам перадаем ім кантакты некаторых вязняў, «Байсол» падтрымлівае іх», — кажуць Касінеравы.

Скрыншот з сайта dissidentby.com

«Важны момант: «Дысідэнт» — гэта дэцэнтралізаваная ініцыятыва. Мы заснавальнікі праекту, але не кіраўнікі, не начальнікі, у нас няма нейкай рады. Ёсць валанцёры, якія дапамагаюць, ёсць шмат людзей якія дапамагаюць адно аднаму праз нашу платформу. Грошы ідуць непасрэдна ад людзей людзям, мы іх не размяркоўваем, ніякі працэнт сабе не бярэм. Нават нядаўна мы завялі «Patreon» праекта, дык дапамога непасрэдна нам пазначаная асобна. Грошы, якія пералічваюць на праект — ідуць толькі на праект. Таму каб зарабіць на жыццё мы паралельна працуем: Марына аддалена, а я вось неўзабаве выходжу на звычайную працу кур’ерам», — кажа Вячка Касінераў. 

Сімвал «Дысідэнта» — чырвоны трохкутнік. Чаму?

Сістэма вінкелей (ням.: Winkel-кут) першапачаткова выкарыстоўвалася ў канцэнтрацыйных лагерах нацысцкай Германіі. Трыкутнікі з матэрыі рознага колеру нашываліся звычайна на левы бок грудзей, часам на рукаў. Трыкутнікам чырвонага колеру пазначаўся асуджаны за палітыку: анархіст, камуніст, ліберал. Цяпер жа, адзначаюць Касінеравы, беларуская пенітэнцыярная сістэма вярнулася да пазначэння асуджаных рознакаляровамі біркамі (анархісты носяць жоўтыя біркі, асуджаныя за наркотыкі — зялёныя). Гэтая сістэма бірак у калоніях — вельмі трывожны сігнал, лічаць Марына і Вячка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру