Позна ўвечары 26 кастрычніка ва ўласным пад’езьдзе быў моцна зьбіты Рычард Смольскі — рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў. Як сьведчыць яго дачка Хрысьціна, ён атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні галавы і цяпер ляжыць у адной зь менскіх больніц. Стан бацькі дачка характарызуе як цяжкі. «Асоба ці асобы, што зьдзейсьнілі напад на Рычарда Смольскага, не ўстаноўлены, але вядзецца актыўная праца па іх вышуку», — кажа начальнік аддзелу дазнаньня Фрунзэнскага РУУС Віктар Жукаў.

Доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі кіруе Акадэміяй з 1997 г., зьяўляецца старшынём Саюзу тэатральных крытыкаў. Некаторы час узначальваў рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці.

Сяргей Будкін

Камэнтар рэдакцыі

Зьбіцьцё дзеячаў інтэлігенцыі стала ў апошнія гады звычайнай справай: пацярпелі прафэсар Мальдзіс, акадэмікі Гарэцкі й Бабосаў, рэжысэры Хашчавацкі й Мазынскі, мовазнаўца Цыхун. У грамадзтве пануе культ сілы, а не закону. У выніку Беларусь выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0