Ад імя праваабарончага цэнтра «Вясна» працягваюць рассылацца фэйкавыя лісты на англійскай мове на электронныя адрасы еўрапейскіх парламентарыяў і амбасадараў еўрапейскіх краін.

Першы такі ліст быў разасланы 19 лютага. У ім адзначалася, што «Вясна» нібыта сур’ёзна заклапочана ростам парушэнняў правоў грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў у шэрагу еўрапейскіх краін, адсутнасцю рэакцыі на гэта з боку міжнародных праваабарончых арганізацый і нібыта заклікае правесці расследаванне такіх парушэнняў. У дадатку змяшчаліся 28 фота, відавочна, спампаваных з адкрытых крыніц у інтэрнэце.

Яшчэ два лісты з аналагічным зместам рассылаліся 4 і 16 сакавіка. Апошні ліст быў дасланы на 98 электронных адрасоў і ўтрымліваў яшчэ больш фотаздымкаў. Усе яны былі дасланы з пошты [email protected], якая ніколі не належала «Вясне».

ПЦ «Вясна» зноў заяўляе, што не мае дачынення да гэтых лістоў і расцэньвае іх як правакацыю ў дачыненні да арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0